Пудзіла са смецця палічылі падобным да Лукашэнкі і пакаралі яго „аўтараў”



Суд прызначыў менавіта такое пакаранне, якое і прасіла дзяржабвінавачанне.

Суд Маскоўскага раёна Берасця 1 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе за вывешванне ў абласным цэнтры пудзіла (ч. 2 арт. 339 КК — хуліганства, здзейсненае групай асоб).

Абвінавачваліся жыхары Берасця Андрэй Колас і палітычна зняволеныя Вольга Завадская ды Юлія Бодак.

Вольгу Завадскую затрымалі 17 студзеня, а Юлію Бодак — 18 лютага. Ад моманту затрымання да суда ўсё трое знаходзіліся пад хатнім арыштам.

Справу разглядала суддзя Іна Клышпач.

Паводле версіі следства, 23 кастрычніка мінулага года вырабілі са смеццевых пакетаў, пластыкавых бутэлек і рэшткаў сухой расліннасці пудзіла і прывезлі да месца „імправізаванага пакарання” на Варшаўскай шашы дзве дамы — 35-гадовая Юлія і 32-гадовая Вольга. А падняццем яго на „лобнае месца” займаўся 37-гадовы Андрэй, разам з «неўстаноўленай асобай», з якім той пазнаёміўся ў адным з чатаў.

За пудзіла беларускага кіраўніка пракурор запрасіў абмежаванне волі для траіх берасцейцаў

На судовым працэсе пракурор запрасіў для Вольгі Завадскай і Юліі Бодак тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу — «хатняя хімія», а для Андрэя Коласа — тры гады пазбаўлення волі з накіраваннем.

Суддзя Іна Клышпач сёння абвясціла прысуд па справе.

Усе трое абвінавачаных прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 339 КК РБ „Злоснае хуліганства”.

Вользе Завадскай і Юліі Бодак прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў „хатняй хіміі” (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову). Трэцяму абвінавачанаму, Андрэю Коласу, суддзя прызначыла тры гады „хіміі” (абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову закрытага тыпу).

Менавіта такое пакаранне і запытвала дзяржабвінавачанне.

novychas.by

[manual_related_posts]