Пячатку Уладзіміра Манамаха знайшлі падчас раскопак у Гародні



Пра гэта паведамляе сайт Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Некалькі дзён таму менскі археолаг Іван Спірын падчас работ на Новым замку знайшоў віслую пячатку, якую смела можна аднесці да першых гадоў існавання Гародні. Такія свінцовыя пячаткі заціскаліся на шнурках прымацаваных да дакументаў, напрыклад лістоў. З пячаткай будуць працаваць спецыялісты, але ўжо можна меркаваць, што яна належыць князю Уладзіміру Манамаху, бацьку гарадзенскай князёўны Агаф’і. На адным баку выява Васілія Кесарыйскага (нябеснага апекуна Манамаха, які таксама меў імя Васілій) а з другога богу надпіс на старажытнарускай мове з просьбай аб божай дапамозе.

Такія пячаткі адносяцца да позняга перыяду ўлады Уладзіміра Манамаха (пасля 1113 г.). Нагадаем, што ў 1116 г. вялікі кіеўскі князь Уладзімір Манамах выдаў сваю дачку Агаф’ю за князя Усеваладку Давыдавіча. Князь Усевалад (Усеваладка) і згадваецца як гарадзенскі князь у 1127 годзе – годзе першага летапіснага ўспаміну пра Гародню.

zviazda.by