Пякельны жэньшэневы рай Георгія Віяленція



Споўнілася 20 год з дня смерці выдатнага айчыннага навукоўца-біёлага, стваральніка ўнікальнай плантацыі жэньшэню Георгія Віяленція.

img_1560

У канцы мінулага і напачатку гэтага веку яго імя грымела далёка за межамі Беларусі. У 1985 годзе яму ўдалося прыжыць на беларускай глебе знойдзеныя у вандроўках па аблогах Сіхатэ-Аліня карані цудадзейнай, паводле лекавых якасцей, расліны. Плантацыя дасягнула 6 га і была прызнаная Еўразвязам буйнейшай у свеце. 6 год таму лукашэнкаўскімі ўладамі была цалкам пушчаная пад нажы экскаватараў.

mof-011

Мы сядзім у прасторнай зале ў хаце жонкі і паплечніцы Георгія Віяленція. Ірына Канстанцінаўна аддаецца не самым вясёлым успамінам.

Сп. Ірына: Дагэтуль перакананая, што смерць Георгія была невыпадковай. Ён ведаў наколькі жэньшэнь быў патрэбны беларусам. Асабліва пасля чарнобыльскай катастрофы, бо выводзіць з чалавечага арганізму радыёнукліды,  у прыватнасці, жахлівейшы з іх – стронцый. Справа ж была для Беларусі “піянерскай”. Дагэтуль былі хіба няўдалыя спробы пасадзіць яго ў лекавай гаспадарцы Малое Мажэйкава, што на Лідчыне. Але Георгій быў чалавекам вельмі адукаваным і хварэў жэньшэнем мо з самага юнацтва. І калі толькі пачыналі працу-змаганне за жэньшэнь, ён напісаў ва ўсе магчымыя ўстановы былога СССР, да заўзятараў з мэтай набыць насенне расліны, каб яе вырошчваць. Першы корань пусціў “плод”. Але трэба было пашырацца. Вось і паехаў муж на Далёкі Усход, дзе былі і пакупкі-здзелкі, і ўласныя вандроўкі на той жа Сіхатэ-Алінь. Перад гэтым  цэлы год рыхтавалі глебу, пабудавалі жэньшэнарый з высокім частаколам, каб унутры магла працаваць тэхніка. Мы рабілі лекавыя зборы – у нас вырошчвалі за 250 іншых каштоўных раслін. Адкрылі пры фабрыцы фірмовую “зялёную аптэку”. Марылі “раздрабняць” жэньшэнь у таблеткі накшталт “індыйскіх”. Але “корань жыцця” многім уладу трымаючым, у тым ліку, фатальна і ў літаральным сэнсе перашкаджаў жыць. Было лягчэй закупляць неадназначныя, паводле прымянення, ды часам шкодныя, але дарагія лекі за мяжой, каб добры куш асядаў, скажам, у чыноўніцкіх кішэнях.  

РР: Гэта быў не смяротны, але адчувальны ўдар па, як цяпер кажуць, фармакалагічнай мафіі…

Сп. Ірына: Так, і Георгій гэта разумеў. Хоць дырэктар Далёкаўсходняй доследнай станцыі Зражва, кітайскія адмыслоўцы –жэньшэневоды, што прыязджалі, разам сказалі ў захапленні – “вы самі не разумееце, што вы зрабілі!” Сабраны быў і рэкордны ўраджай – звыш 10 тонаў з га. 

img_1569

…“Абвал” пачаўся яшчэ на пачатку тысячагоддзя, калі   плантацыя была „цынічна і жорстка” выкарчаваная  па загаду апошняга кіраўніцтва фабрыкі, ужо камерцыйнай структуры. Але былі глыбінныя вытокі таго, што адбылося ўжо пасля зыходу Георгія Іванавіча. Былы кіраўнік справамі Адміністрацыі прэзідэнта, асуджаная цяпер Галіна Жураўкова, дамаглася, каб Менская фабрыка гародніны была перададзеная адной са структур адміністрацыі  – “Белзнешнегандльінвесту”.

На загад экс-дырэктара Леўчанкі – кажуць, зараз у вышуку Інтэрполу – рабочыя плошчы сталі “бясплатнай базай для захоўвання трактароў, што рэалізоўваліся ў Расеі праз падстаўныя фірмы”–   адзначалася яшчэ тады фабрычнымі ў адкрытым лісце на імя тагачаснага старшыні КДБ Ерына. Жураўкову, зразумела, не кранула і тое, што, да прыкладу, плантацыя жэньшэню была ў часе першай прэзідэнцкай кампаніі ў адзін голас названая “нацыянальным здабыткам Беларусі” такімі супрацьлеглымі па перакананнях ды генезісу людзьмі, як экс-прэм’ер Вячаслаў Кебіч ды лідар тагачаснага БНФ Зянон Пазьняк. Ірына Канстанцінаўна ўспамінае:

Сп. Ірына: Зянон, прыехаўшы пахмурным, сказаў, што як убачыў кветкі жэньшэню, “на душы пасвятлела”. Ён шмат цікавіўся травамі яшчэ ад маці, якая лекавала сама. Пасля не раз наведваў нас і хадзілі з мужам у “лекавыя” вандроўкі. А Кебіч спытаў мужа наўпрост – а навошта, маўляў, вам гэта трэба?! Георгій па-прарочы адказаў – “вось калі Расея аддзеліцца ад СССР, у нас застанецца кавалак Усурыйскай тайгі!” Пасля ўсяго мяне   “выкінулі” з плантацыі па артыкуле за “сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў”. Хоць цэх лекавых раслін, што я ўзначальвала, адзіны на фабрыцы гародніны працаваў з прыбыткам. Але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя…

РР: Жэньшэнь з Беларусі сышоў незваротна?

Сп. Ірына: Увесь архіў плантацыі ў мяне ёсць, ён захаваны. Штосьці падказвае мне, што “корань жыцця” вернецца ў Беларусь. Пажадана, каб гэта здарылася, пакуль яшчэ жывая. Няма лекаў і грошай, каб іх купляць. На нашай першапачаткова беларускай Браншчыне жыве чалавек, які яшчэ ў нас браў пасадачны матэрыял . Пры нагодзе аднаўлення плантацыі, думаю, падзяліўся б.  Так што ўсё магчыма.  Патрэбны проста энтузіясты і дзяржаўнае хаценне.

img_1562

 

 

 

У 2008 сямейства Віяленцій – Георгій Іванавіч пасмяротна – з фармулёўкай “за захаванне ўнікальных плантацый” атрымала прэстыжную прэмію Генры Форда “FORD UNION”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара