П’яны мужчына спрабаваў пранесці на футбольны матч баявую гранату



24-га верасня ў Светлагорску а 16-й гадзіне на стадыёне «Хімік» пачаўся футбольны матч чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод каманд 1-й лігі паміж мясцовым ФК «Хімік» і менскім ФК «Зорка БДУ». Праз гадзіну пасля пачатку сустрэчы супрацоўнікі міліцыі заўважылі п’янага мужчыну – ён накіроўваўся да ўваходу. Заўважыўшы, што ўсіх даглядаюць, мужчына рэзка павярнуў і накіраваўся ўздоўж плота стадыёна.

000024_309034_big

Калі падазроны мужчына стаў пералазіць праз агароджу, яго затрымалі, распавялі ў міліцыі рэгіёну.

–  Асаблівага супраціву пры затрыманні ён не аказаў, быў моцна п’яны.

Патрульныя прывялі яго да службовага аўтамабілю, а ў ходзе надгляду перад пасадкай у аўто знайшлі ў кішэні штаноў боепрыпас, які нагадвае гранату Ф-1. Вус чэкі яе быў зламаны.

Міліцыянты прынялі ўсе меры для забеспячэння бяспекі мерапрыемства, што дазволіла не праводзіць эвакуацыю гледачоў і не перарываць футбольны матч. Для вызначэння небяспекі прадмета і наступнай ліквідацыі была выкліканая сапёрна-піратэхнічная група в / ч 5527. Канфіскаваная «граната» сапраўды аказалася баявой гранатай Ф-1. На шчасце, узрывальнік быў прабітым, а вось начынне ўяўляла рэальную небяспеку.

Канфіскаваную гранату знішчылі на палігоне пад Светлагорскам. А ў дачыненні да 28-гадовага жыхара Светлагорска праводзіцца праверка для ўстанаўлення прычын і акалічнасцяў сітуацыі.

Паводле tut.by

Фота uvd.gomel.by