Рабочых БелАЗу выклікаюць у міліцыю на допыты пра леташні страйк



Супрацоўнікі заводу БелАЗ атрымліваюць позвы ў міліцыю ў якасці сведак, паведамляюць чытачы ex-press.by.

Паводле іх інфармацыі, завадчанам задаюць каля 30 пытанняў: аб стаўленні да Святланы Ціханоўскай, Кардынацыйнай рады, пытаюцца, ці выходзілі яны страйкаваць у жніўні 2020 года, а таксама пра тых, хто падтрымлівае ідэю страйку. Ва ўсіх рабочых затым бяруць падпіску пра невыдаванне.

16 жніўня 2020 года па ўсёй Беларусі адбыліся шматтысячныя «маршы Свабоды», на якіх мірныя пратэстоўцы патрабавалі вяртання справядлівасці, спынення гвалту і адстаўкі Лукашэнкі. На БелАЗе, як і іншых буйных прадпрыемствах краіны, у тыя дні былі спробы пачаць усеагульны страйк. Поўнай падтрымкі ўсіх цэхаў і калектываў атрымаць не ўдалося — пасля серыі спыненняў вытворчасці і заяваў страйкамаў улады з дапамогай шырокага выкарыстання сілавікоў дамагліся аднаўлення працы заводаў.