Праблемы чыгуначнікаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння



Эканамічны крызіс адбіўся і на беларускай чыгунцы. Работнікі “Берасцейскага аддзялення Беларускай  чыгункі” выказалі нязгоду з цяперашнімі ўмовамі працы. Напярэдадні рабочыя вагоннага дэпо правялі папераджальную забастоўку.

Іх сабралі на „планёрку”, дзе прысутнічала мясцовае начальства і намеснік пракурора Берасцейскага аддзялення транспарта, кажа слесар дэпо Рыгор Лук’янчук, які агучыў існуючыя праблемы:

– Паводле якога загаду людзей прымушаюць пісаць заявы на адпачынак без утрымання кожны месяц ужо больш за год? Заробак зараз меншы на 100 рублёў. Прымушаюць выпісваць часопіс “Чыгуначнік Беларусі”. Паздымалі разрады. На працоўным месцы павінны чатыры чалавекі працаваць, а працуюць толькі два.

Паводле Рыгора Лук’янчука, рабочых абурыў факт узнагароды ў гэты час начальніка дэпо медалём 1 ступені з грашовай прэміяй. За што? – ніхто не ведае.

Намеснік пракурора паабяцаў разабрацца з праблемамі.

Але, на думку праваабаронцы Сяржука Русецкага, у агульным клубку эканамічнага крызісу можна дапамагчы толькі кропкава і часова.

Беларускае Радыё Рацыя