Работнікі філіяла “Слонімскі вінзавод” сустрэліся з дырэктарам



Пасля некалькіх пратэстаў работнікаў філіяла “Слонімскі вінзавод” адкрытага акцыянернага таварыства “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” 21 лютага ў канцы рабочага дня адбылася сустрэча работнікаў філіяла з дырэктарам ААТ Валерыем Гузенем. На сустрэчу таксама завітаў намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын.

Валерый Гузень адзначыў, што заробак рабочым зменшыў не ён асабіста, а кіраўніцтва філіяла. Дырэктар адзначыў, што пасля далучэння Слонімскага вінзавода да Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алголь” узнікла шмат праблем. Па словах Валерыя Гузеня, асабліва іх шмат у слонімскім філіяле, найперш гэта звязана з рэалізацыяй прадукцыі, з абсталяваннем у цэхах, з заробкамі, але ўсе гэтыя пытанні, па словах дырэктара, паціху будуць станоўча вырашацца.

Па словах работнікаў філіяла “Слонімскі вінзавод”, сустрэча з дырэктарам  ім спадабалася і людзі спадзяюцца на лепшае.

Нагадаем, што на мінулым тыдні на Слонімскім вінзаводзе баставалі рабочыя разліўнога цэха № 1, якія атрымалі заробкі на 70-90 рублёў менш, чым раней. Заробкам незадаволены былі таксама кладаўшчыкі, грузчыкі і кіроўцы філіяла.

Беларускае Радыё Рацыя