Работнікі «Мажэліту» адстаялі свайго кіраўніка



У Магілёве калектыў ААТ «Мажэліт» абараніў ад звальнення шматгадовага кіраўніка Вікенція Ермалёнка.

Гарантыі таго, што ён застаецца дырэктарам, даў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Васіль Акуліч 15 студзеня на сходзе працаўнікоў прадпрыемства.

У афіцыйных паведамленнях гаворыцца, што рашэнне аб змене кіраўніцтва прадпрыемства было скасавана пасля таго, як сітуацыю вывучыў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц.

Кіраўнік вобласці запэўніў Ермалёнка, што той застаецца дырэктарам. Пра намер звольніць Ермалёнка і прызначыць новага кіраўніка работнікі і акцыянеры даведаліся з пастановы дзяржаўнага аб’яднання «Мясамалпрам». Назіральная рада не падтрымала прызначэння новага дырэктара. У падтрымку Ермалёнка было сабрана больш за 200 подпісаў.

Фота: mogilevnews.by