Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Менску
30-га верасня пасля вечаровай святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Менску быў прадстаўлены выніковы дакумент, у якім падсумаваны тэмы і абмеркаванні ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.
У пасланні біскупы пацвердзілі «свой абавязак удзельнічаць у шляху Еўропы», бо лічаць яе сваім «духоўным заданнем».
Што да тэмы моладзі, якая таксама абмяркоўвалася на асамблеі РКБЕ, біскупы зазначылі, што з боку епіскапатаў іх краін «праявілася вялікая сімпатыя, якая перайшла ў жаданне слухаць і спадарожнічаць моладзі з цярплівасцю і любоўю».
Ксёндз Юры Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, зазначае ў каментары Беларускаму Радыё Рацыя, што гэтыя дні сталі для Касцёла нашай краіны надзвычай важнымі.
– Перадусім тое, што была выбраная Беларусь, – гэта таксама знакавая падзея, бо прызнаецца, што тут касцёл жывы. І для нас, кацёла, гэта гістарычная падзея, бо ніколі ў гісторыі касцёла не было і наўрад ці будзе, каб столькі біскупаў, а гэта не проста звычайныя біскупы, а старшыні Канферэнцый біскупаў – галоўных біскупаў кожнай краіны, наведалі Беларусь у адзін час.
На заканчэнне асамблеі Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы кардынал Анджэло Баньяска ўзначаліў святую Імшу ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха). Ён распавёў журналістам пра галоўнае, што абмяркоўвалася гэтымі днямі.
– Еўрапейскія біскупы моцна вераць у будучыню гэтага кантынента, нягледзячы на тыя цяжкасці і праблемы, якія цяпер перажывае Еўропа. Мы аднавілі наш абавязак з новай руплівасцю абвяшчаць Езуса Хрыста і яго Евангелле. Бо менавіта з яго Евангелля і нарадзіўся гэты кантынент, нарадзілася Еўропа. Касцёл з’яўляецца сябрам Еўропы, і ягонае слова – гэта слова сяброўства і прыязанасці.
Выніковая рэзалюцыя Рады паслужыць у падрыхтоўцы Сіноду Біскупаў, які пройдзе ў 2018 годзе і будзе прысвечаны тэме моладзі.
[Not a valid template]
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара