«Радыё Марыя» ў Беларусі зноў не зарэгістравалі



Цяпер перадачы транслююцца праз інтэрнэт, але ў шматлікіх слухачоў няма магчымасці ім карыстацца.

Чарговы, ужо пяты раз, каталіцкаму «Радыё Марыя» ў Беларусі адмовілі ў ліцэнзіі СМІ, без якой радыё не можа атрымаць частоты вяшчання і трапіць у радыё-пакет «Белтэлекаму» Zala. Адзіная магчымасць, якая застаецца ў «Радыё Марыя» ў Беларусі – трансляцыя праграм праз інтэрнэт, паведаміла ўдзельнік каманды валанцёраў Яўгенія Найдовіч.

– «Радыё Марыя» ёсць амаль ва ўсіх краінах свету, нават у Кітаі і ў Сірыі. Наша радыё не камерцыйнае, існуе за кошт ахвяраванняў. Працэдура падачы заяўкі на ліцэнзію СМІ ў нашым выпадку звычайна выглядала так: плаціш 27 тыс. рублёў, прыносіш тону паперы, чакаеш месяц. Грошы месяц гуляюць па дзяржаўных рахунках. Месяц Міністэрства інфармацыі маўчыць. У самы апошні дзень дасылаюць адмоўны адказ. Прычына – умоўна, коска не ў тым месцы. Грошы, праўда, вяртаюць (яшчэ тыдні праз тры) разам з тонай тваёй паперы, – распавядае Яўгенія.

Некалькі разоў у выдачы ліцэнзіі адмаўлялі па «размытых прычынах», гаворыць валанцёр. Затым прапаноўвалі падаць заяўку пасля прыняцця новага закона аб СМІ, але і гэта не дапамагло:

Чацвёрты раз ідзем разам з касцёльнымі ўладамі. Закон прыняты. Мы адпавядаем. Грошы заплацілі. Але не! Вочкі ў падлогу і давай мармытаць штосьці пра «ну вы ж разумееце, пры ўсёй павазе да вас, мы не можам прыняць гэтае рашэнне, выбачайце». Ну што ж. Не хочаце – мы перажывем. Навучым нашых старэнькіх бабуль карыстацца інтэрнет-радыё!

Тыдзень таму каманда «Радыё Марыя» зрабіла яшчэ адну спробу зарэгістравацца – у форме ліста-зварота ад імя ўсіх слухачоў па ўсёй Беларусі:

– Папрасілі проста даць нам дазвол вяшчаць. Асабліва там, дзе далёка, дзе ёсць частоты і яны не запатрабаваныя. І дазволіць нам гэта за танна, а лепей бясплатна, як сацыяльна-значнаму радыё. Але не, паважаныя, не. Ізноў «пена з мозгу» на пяці аркушах. Мы не існуем. Мы смецце.

katolik.life