Радзім Гарэцкі: Гэтая кніга – пра ўсё маё жыццё



Акадэмік Радзім Гарэцкі распавёў пра тое, чаму для яго так важна выдаць гэтую кнігу.

У Фэйсбук Глеб Лабадзенка заклікаў грамаду дапамагчы ў выданні кнігі ўспамінаў акадэміка Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які днямі адзначыў сваё 91-годдзе.

“Кніга выйшла ладная — пад 900 старонак, – напісаў Глеб Лабадзенка. – Каб выдаць яе нават невялікім накладам, патрэбныя немалыя сродкі. Але ўсім разам нам пад сілу гэта зрабіць. Кніга ўжо вярстаецца. Калі збярэм грошы, ёсць магчымасць выдаць яе вельмі хутка”.

Кампанія па збору сродкаў (толькі беларускія карткі) ідзе на гэтай пляцоўцы: .

Радзім Гарэцкі: Гэтая кніга – пра ўсё маё жыццё, яна так і называецца “Маё жыццё”. Кніга складаецца з чатырох частак, хаця ўсё будзе ў адным выданні. Кожная частка – гэта прыкладна 20 гадоў майго жыцця. У першай апісаў перыяд свайго дзяцінства і аж да паступлення ў Маскоўскі геалагічны інстытут.

У другой частцы – праца ў Акадэміі навук СССР, дзе я займаўся навукай, навучыўся ўсяму, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

Далей расказаў пра працу ў Акадэміі навук БССР, а ў апошняй частцы – пра мяне, Беларусь і сучаснасць.

РР: Дзяржаўныя выдавецтвы не хочуць выдаць кнігу за свой кошт?

Радзім Гарэцкі: Мяркую, што гэта дастаткова праблематычна. Па-першае, там існуе нейкая чарга, і, па-другое, у маёй кнізе ёсць некаторыя моманты, якія, мабыць, могуць і не прайсці дзяржаўную цэнзуру.

РР: Які будзе наклад у кнігі?

Радзім Гарэцкі: Наклад плануем зрабіць не вельмі вялікі – каля 150 асобнікаў. Грошы ж патрэбны, а дзе іх шмат возьмеш? Таму буду ўдзячны, калі грамада адгукнецца і дапаможа ў выданні кнігі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя