Радзім Гарэцкі: Трэба беларускамоўная “вертыкаль” навучання



Акадэмік і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі распавядае пра неабходнасць стварэння ў краіне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта.

Аргкамітэт па стварэнні Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта падаў заяўку на тое, каб атрымаць юрыдычны адрас і зараз чакае рашэння. Як толькі яго прымуць, будуць пададзены дакументы на рэгістрацыю ўстановы.

Радзім Гарэцкі: Пра такі ўніверсітэт мы казалі даўно, нават збіралі подпісы і набралі іх больш за 100 тысяч. Але пастаянна сутыкаліся са сцяной. Хаця такі ўніверсітэт патрэбен краіне – гэта не варта нават абмяркоўваць. Калі няма беларускамоўнай ВНУ, то і ў ніжэйшых установах няма стымула навучацца на беларускай мове. А так будзе створана беларускамоўная “вертыкаль” – ад дзіцячых садкоў да ВНУ. І стварэнне беларускамоўнага ўніверсітэта дасць цудоўны штуршок беларускамоўнаму развіццю ў ніжэйшых звёнах.

РР: Як кажа дэпутатка Алена Анісім, у пытанні стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта ўлады не дапамагаюць, але прынамсі і не перашкаджаюць…

Радзім Гарэцкі: Тут нічога новага няма. Што яшчэ можна чакаць, калі на кангрэсе рускай прэсы беларускі кіраўнік кажа, што яго родная мова – руская. Астатнія чыноўнікі глядзяць на свайго начальніка і робяць гэдак жа, хаця ў душы, магчыма, і лічаць па-іншаму. Але мне вельмі спадабаўся выступ на З’ездзе беларусаў свету міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Выступаў на мове вельмі разумна, казаў пра неабходнасць падтрымкі мовы. Але ж за пошнія часы мы бачылі, што з гэтай самай мовай улады зрабілі. Праўда, зараз ідзе невялікая адліга, таму не выключана, што і нацыянальны ўніверсітэт будзе створаны. Трэба ж Захаду спадабацца. Таму ўлады не дапамагаюць, але і не перашкаджаюць. А раней адразу б далі ад варот паварот.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя