Раман Касціцын: 100 % беларускіх НДА трапілі ў камунікацыйны крызіс з дзяржавай
У выніку жнівеньскіх падзей у Беларусі дзейнасць НДА і грамадскіх актывістаў знаходзіцца пад пагрозай рэпрэсій. Стратэгіі выжывання арганізацый абмеркавалі падчас вебінару «Антыкрызісныя камунікацыі: як вывесці НДА з-пад удару». Кажа камунікацыйны кансультант Раман Касціцын:
Нельга нарошчваць рэпрэсіі бязмежна. Устойлівасці НДА будзе спрыяць іх сацыяльны капітал. То бок рана ці позна мы вернемся да нейкага ўзаемадзеяння па сваіх накірунках, у тым ліку і з дзяржавай, у тым ліку і з бізнэсам. Што ў гэтым крызісе добра для НДА, тое, што бізнэс адчувае сваю сацыяльную адказнасць сёння як ніколі. І калі знойдуцца НДА, якія змогуць бізнэсу прапанаваць такія ўзаемадзеянні, якія для яго значымыя, то магчыма фарміраванне доўгіх і моцных альянсаў. Але наогул гэтую цяжкую сітуацыю нам усім яшчэ трэба перанесці. Тут, канешне, самае галоўнае – салідарнасць.
Эксперт Раман Касціцын падкрэсліў, што тэмпы саспявання грамадзянскай супольнасці беларусаў за апошні час уражваюць. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграў вопыт сацыяльнай мабілізацыі ў барацьбе з COVID-19.
Беларускае Радыё Рацыя
