Рамонт, які выклікаў дождж у кватэрах



Вытворча-механічная калона №7 Пінсксельгасбуд капітальны рамонт дома  №5 па вуліцы Першамайскай у Мікашэвічах пачала ў верасні. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, быў раскрыты дах, у выніку затапіла кватэры.

Пачатак работ неякасны, завалілі пешаходныя дарожкі ля дома боднямі – ні прайсці, ні праехаць, абураецца адна з жыхарак:

– Першага жніўня яны прывезлі толькі вагончыкі. Гэтыя вагончыкі прастаялі паўтара месяца. Рамонт яны пачалі рабіць тыдзень таму.

Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Мікашэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Расшутоўскі адказнасць з сябе і камунальнай гаспадаркі зняў. Яны заключылі дамову з Вытворча-механічнай калонай №7 Пінсксельгасбуд на рамонт дома з 1 жніўня. Паводле галоўнага інжынера калоны Віталя Калесніковіча, усе хібы будуць выпраўлены:

 – Заканчваем капітальны рамонт на Першамайскай, 10. Адразу пераключыліся на Першамайскую, 5. Я сёння там быў, каго змог заспець, з тымі паразмаўляў. Ніхто так проста гэта не пакіне, будзе ўсё зроблена.

Але разгневаныя жыхары дома, якіх двойчы збіралі на сход па капітальнаму рамонту яшчэ на пачатку лета, ужо накіравалі скаргі ў Лунінецкую камунальную гаспадарку і Берасцейскую абласную.

Беларускае Радыё Рацыя