Расеец, які напаў на банк, прыгавораны да 15 гадоў



Суд Ленінскага раёна Магілёва 19 лістапада прыгаварыў 29-гадовага грамадзяніна Расеі Паўла Цімафеева, які спрабаваў абрабаваць аддзяленне „Беларусбанка”, да 15 гадоў.

20 лістапада 2017 года мужчына ўвайшоў у 72-е аддзяленне „Беларусбанка” на вуліцы Каліноўскага. Пагражаючы работнікам і наведвальнікам забойствам, дэманструючы прадмет, падобны на пісталет сістэмы Макарава, ён запатрабаваў грошы і каштоўнасці. Пры гэтым захапіў у закладнікі восем наведвальнікаў і шэсць работнікаў банка. Пры затрыманні мужчына пачаў страляць. У адказ супрацоўнікі міліцыі выкарысталі табельную зброю, паранілі і затрымалі нападніка. Закладнікі не пацярпелі.

Сёння суддзя Таццяна Рубіс прызнала Цімафеева вінаватым у разбоі, захопе двух і больш закладнікаў з пагрозай забойства або іх утрымання з мэтай прымусіць дзяржаўныя органы на якія-небудзь дзеянні як умовы вызвалення закладнікаў.

Суд прыгаварыў абвінавачанага да 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён таксама абавязаны выплаціць 35 тыс. рублёў семярым пацярпелым — па пяць тысяч кожнаму. Цімафееў заявіў пра намер абскардзіць прысуд.

Прыгаварыць расіяніна да 15 гадоў пазбаўлення волі суд прасіў прадстаўнік гарадской пракуратуры. Гэта максімальны тэрмін пакарання, які мог быць вынесены паводле гэтага абвінавачання. Пракурор заявіў журналістам, што такое строгае пакаранне было неабходнае, улічваючы стрэс, які перажылі пацярпелыя: некаторым з іх спатрэбілася дапамога медыкаў і прыём лекаў.

„Сваёй віны ён не прызнаў. Ад першапачатковых паказанняў адмовіўся. Пачаў тлумачыць, што добрыя намеры меў. Нібыта хацеў звярнуць увагу праваахоўнікаў на тое, што ім трэба быць гатовымі да такіх дзеянняў ад грамадзян”, — сказаў прадстаўнік пракуратуры.

belapan.by