Расейскага блогера экстрадуюць у Азербайджан



Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі 7 лютага не задаволіла скаргу затрыманага ў Менску расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына і прызнала законным рашэнне Менскага гарадскога суда аб яго экстрадыцыі ў Азербайджан.

Рашэнне з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

На разгляд апеляцыйнай скаргі Лапшына ў суд не дастаўлялі. На абвяшчэнні рэзалютыўнай часткі пастановы суда прысутнічалі сваякі блогера, а таксама прадстаўнік пасольства Расеі.

Жонка блогера Кацярына, каментуючы рашэнне Вярхоўнага суда, заявіла журналістам: „Гэта азначае, што мы працягнем барацьбу далей. Я думаю, вы бачылі прэс-канферэнцыю прэзідэнта 3 лютага (дзе Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем блогера.). З нашага боку ўсё, што толькі можна было зрабіць, мы зрабілі”, — сказала яна.

„Калі чалавек з’ездзіў у краіну і напісаў пра гэта ў сваім блогу, пераследваць яго за гэта — дзікунства”, — заявіла Кацярына.

Ёй невядома, ці была рэакцыя з боку МЗС Азербайджана на накіраваныя туды раней лісты Аляксандра Лапшына і яго маці з просьбай аб вызваленні.

Як паведаміла журналістам адвакат Наталля Шэпіна, жонка блогера накіравала ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі Менгарвыканкама хадайніцтва аб падаванні Лапшыну на тэрыторыі Беларусі дадатковай абароны, а таксама скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 снежня 2016 года па запыце Азербайджана, які абвясціў яго ў міжнародны вышук за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха. Блогеру таксама інкрымінуюць „публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы”. Лапшыну ў Азербайджане пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

МЗС Ізраіля звярталася да ўладаў Беларусі з просьбай не экстрадаваць Лапшына ў Азербайджан. Акрамя таго, Ізраіль па дыпламатычных каналах дамагаўся ад Баку спынення крымінальнага пераследу блогера, паведамлялі ізраільскія СМІ. Расея таксама выступіла супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан — пра гэта заявіў 17 студзеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Актыўны ўдзел у лёсе затрыманага блогера бралі прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля і Расеі ў Беларусі.

Рашэнне Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі было ўручанае Лапшыну 18 студзеня. Ён яго безвынікова абскардзіў у Менскім гарадскім судзе 26 студзеня. Затым была пададзеная скарга ў Вярхоўны суд.

3 лютага падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем і магчымай экстрадыцыяй блогера. Спачатку кіраўнік дзяржавы ўдакладніў у кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, ці знаходзіцца блогер яшчэ ў Беларусі, і, атрымаўшы станоўчы адказ, адрэагаваў: „Ну ты ствараеш лішнія праблемы. Ужо даўно яго трэба было пераслаць туды, куды трэба. Я ж вам даручыў: аддайце яго па законе”.

Лукашэнка заявіў, а Шуневіч пацвердзіў, што Лапшын быў затрыманы ў Менску не па ініцыятыве Азербайджана, а таму, што знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрпола. „Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі. І згодна з усімі законамі і парадкам мы павінны яго перадаць Азербайджану. Вядома, мы яго наогул можам выпусціць, але гэта будзе няправільна. Гэтак жа паставяцца потым і да нас. Таму па ўсіх пагадненнях мы павінны яго перадаць Азербайджану”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ніякіх падстаў не аддаваць Лапшына Азербайджану ў беларускага боку няма. Пры гэтым Лукашэнка расказаў, што даручаў кіраўніку МЗС Уладзіміру Макею „паспрабаваць з міністрамі замежных спраў Ізраіля, Расеі і Азербайджана ўзгадніць, каб гэта прыгожа разысціся, каб лёс гэтага чалавека не стаў, <…> каб ён не стаў нейкім заложнікам”. „Ёсць жа гэтыя развязкі, правілы — правіламі, але калі Ізраіль, Азербайджан і Расея дамовяцца, мы зробім, як яны дамовяцца. А ніхто не захацеў дамаўляцца”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што „Ізраіль і Азербайджан, Расея тут пастолькі паколькі, ці дамовіліся, ці дамовяцца пра лёс гэтага чалавека”. „Калі Ізраіль захоча, у гэтага чалавека з галавы не ўпадзе ні адзін волас”, — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

belapan.by