Расейскага псіхолага Міхаіла Казлова адпусцілі з міліцыі ў Менску



Расейскага псіхолага Міхаіла Казлова адпусцілі з Кастрычніцкага РУУС Менска.

„Я зноў на волі! У апошнім трэнінгу „Пераадоленне” ў Менску адбыўся інцыдэнт, калі раўнівы муж уварваўся ў залу трэнінгу і сілком забраў сваю жонку, а яна плакала. На трэці дзень ён пачаў пагражаць нам па тэлефоне мясцовым КДБ, але я засмяяўся яму у твар і, мабыць, дарма”, — напісаў Казлоў днём 15 жніўня на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram.

Як раней паведаміў аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкама, 14 жніўня на нумар 102 патэлефанавала жанчына, якая паведаміла, што „падчас трэнінгу ў яе дачыненні былі ўчыненыя абразлівыя дзеянні, якія прыніжаюць гонар і годнасць”. „Ад яе таксама паступіла заява, што грамадзянін Казлоў ашуканскім шляхам завалодаў яе грашовымі сродкамі ў памеры 250 долараў ЗША. Аналагічная інфармацыя паступіла адначасова і на тэлефон даверу ГУУС Менгарвыканкама”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Да месца правядзення трэнінгу накіраваліся супрацоўнікі падраздзяленняў наркакантролю і патрульна-паставой службы Кастрычніцкага РУУС Менска. Паведамляецца, што „ўдзельнікі трэнінгу былі дастаўленыя ў РУУС для разбору і пасля апытання адпушчаныя”. „Грамадзянін М.Казлоў знаходзіцца ў раённым упраўленні. У дачыненні да яго праводзіцца праверка па факце заявы, якая паступіла, а таксама па факце законнасці правядзення гэтага трэнінгу”, — паведаміла ГУУС.

Міхаіл Казлоў — вядучы трэнінгаў асобаснага росту і некалькіх рэаліці-шоу, удзельнік папулярнага тэлепраекта „Дом-2”.

belapan.by