Расейскі верталёт на вучэннях абстраляў сваіх



На вучэннях „Захад-2017” баявы верталёт выпадкова даў залп па гледачах, ёсьць цяжкапараненыя, паведаміў расейскі партал 66.ru

Па прычыне збою ваеннай тэхнікі два чалавекі апынуліся ў шпіталі пасля таго як на палігоне „Лужскі” пад Санкт-Пецярбургам адбыўся выпадковы пуск ракет з верталёта Ка-52.

Пазней Міністэрства абароны Расеі заявіла, што абстрэлу гледачоў на вучэннях „Захад-2017” не было. Паводле Мінабароны, зняты на відэа інцыдэнт адбыўся ў іншы час і ў іншым месцы. Пры гэтым, аднак, у ведамстве не ўдакладнілі, дзе і калі гэта адбылося. Мінабароны Расеі таксама прызнала, што памылковы запуск ракеты сапраўды адбыўся, але, паводле вайсковага ведамства, „шматлікіх параненых” не было.

„Сістэмай навядзення аднаго зь верталётаў быў здзейснены памылковы захоп цэлі. У выніку траплення некіраванай ракеты атрымаў пашкоджанні адзін з грузавых аўтамабіляў без людзей,” — цытуе агенцтва ТАСС прэс- службу Заходняй вайсковай акругі Расеі.