Расейскія праваахоўнікі спынілі вываз у Беларусь буйной партыі біўняў маманта



Супрацоўнікі праваахоўных органаў спынілі ў Смаленскай вобласці спробу вывазу з Расеі ў Беларусь буйную партыю біўняў маманта, паведаміла „Інтэрфаксу” афіцыйны прадстаўнік МУС РФ Ірына Воўк.

„Супрацоўнікамі падраздзялення ДІБДР УМУС Расеі па Смаленскай вобласці па абслугоўванню аўтадарог федэральнага значэння сумесна з рэгіянальным кіраваннем ФСБ Расеі спынена спроба незаконнага вывазу за мяжу Расейскай Федэрацыі біўняў маманта”, – сказала Воўк.

Паводле яе слоў, на аўтадарозе Масква-Менск паліцэйскія спынілі грузавы аўтамабіль, які ехаў з расейскай сталіцы ў Беларусь.

„У ім знаходзілася больш за 60 мяшкоў з біўнямі маманта і іх фрагментамі, узрост якіх не менш за 10 тысяч гадоў. Паводле папярэдняй інфармацыі палеанталагічныя матэрыялы былі здабытыя ў Якуціі”, – паведаміла прадстаўнік МУС.

„Дазвольныя дакументы Міністэрства культуры Расейскай Федэрацыі на вываз культурных каштоўнасцяў, а таксама заключэнне атэставанага эксперта Міністэрства культуры аб прыналежнасці біўняў маманта і іх фрагментаў да культурных каштоўнасцей у кіроўцы адсутнічалі”, – падкрэсліла прадстаўнік МУС.

Паводле яе слоў, груз быў канфіскаваны і накіраваны на палеанталагічную судовую экспертызу. Згодна з заключэннем, адзначыла Воўк, з агульнай колькасці два біўні маманта і тры фрагменты ўяўляюць асаблівую культурную каштоўнасць, іх прыкладны кошт перавышае 650 тысяч расейскіх рублёў.

Следчым аддзелам УФСБ Расеі па Смаленскай вобласці па дадзеным факце заведзена крымінальная справа.

„Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Арганізатары злачынства высвятляюцца”, – сказала Воўк.