Расейца будуць судзіць за рэвальвер і Mein Kampf



У Гародні будуць судзіць расейца за спробу перавезці праз мяжу рэвальвер, патроны і кнігу Гітлера, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар Гарадзенскага абласнога суда Павел Варэйка. Судовае разбіральніцтва адбудзецца 22 чэрвеня ў судзе Гарадзенскага раёна.

Грамадзянін Расейскай Федэрацыі абвінавачваецца ў незаконным набыцці, захоўванні і перавозцы праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

У пункт пропуску Брузгі з Польшчы расеец прыбыў на аўтамабілі кіроўцам якога быў літовец. У пасажыра пры правядзенні мытнага кантролю пад верхняй вопраткай знайшлі рэвальвер, а ў канструктыўных асаблівасцях салона аўтамабіля знайшлі яшчэ 46 патронаў, карцеч, кінжал і выдадзеную ў 1941 годзе кнігу Mein Kampf пад аўтарствам Адольфа Гітлера, якая знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Па заключэнні экспертаў, патроны з’яўляюцца 9-міліметровымі баявымі пісталетнымі патронамі Браўнінг, рэвальвер — наразной агнястрэльнай зброяй. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.