Расейца, які 20 гадоў гвалціў беларусак, прысудзілі да 18 гадоў



Судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда 27 снежня вынесла прысуд 45-гадоваму жыхару Санкт-Пецярбурга, які здзейсніў з 1994-га па 2014 год серыю згвалтаванняў на тэрыторыі Берасцейскай і Менскай абласцей.

nsa-12

Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Надзея Некрашэвіч, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, ахвярамі гвалтаўніка сталі 35 чалавек, у іх ліку малалетнія і непаўналетнія. У некаторых пацярпелых абвінавачаны пасля згвалтавання адбіраў грошы і каштоўнасці.

Злачынствы мужчына здзяйсняў, калі прыязджаў да сваякоў, што жывуць у Беларусі.

Грамадзянін РФ быў затрыманы ў лістападзе 2015 года ў Берасцейскай вобласці. Экспертыза прызнала, што ён пры свядомасці.

Мужчына асуджаны за згвалтаванне жанчыны ў кастрычніку 2014 года ў Бярозаўскім раёне. Па 34 эпізодах ён вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці: з моманту здзяйснення злачынстваў прайшло больш за 10 гадоў.

Судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым у здзяйсненні згвалтавання (ч. 2 арт. 166 КК), іншых гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару (ч. 1 і ч. 2 арт. 167 КК) і прыгаварыла да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд яшчэ не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Мужчына працаваў вадзіцелем.

belapan.by