Расея ўвяла пагранічны кантроль самалётаў і пасажыраў з Беларусі



З 00 гадзін 15 траўня 2017 года змяняецца тэхналогія абслугоўвання пасажыраў, якія ляцяць з Беларусі ў Расею.

«Усе рэйсы ў расейскія гарады з унутраных тэрміналаў будуць пераведзены ў міжнародныя сектары расейскіх аэрапортаў. Таксама будзе ажыццяўляцца пагранічны кантроль паветраных судоў і пасажыраў, якія прылятаюць з Беларусі і ляцяць назад », – нагадвае прэс-служба Нацыянальнага аэрапорта « Мінск ».

Для праходжання кантролю грамадзянам Беларусі і Расеі неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць пра асобу, а таксама пасадачны талон, які пацвярджае іх прылёт з Беларусі альбо вылет у Беларусь адпаведным авіярэйсам. Грамадзяне Саюзнай дзяржавы праходзяць кантроль па адмыслова вылучаных калідорах.

Пасажырам, якія накіроўваюцца ў Расею транзітам праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск», неабходна будзе прад’яўляць дакумент, які пацвярджае іх асобу, а таксама міграцыйную карту, запоўненую па прыбыцці ў Беларусь.

Пры гэтым адзначаецца, што ў менскім аэрапорце тэхналогія абслугоўвання пасажыраў, якія ляцяць з Расеі, не змяняецца і пагранічны кантроль ажыццяўляцца не будзе.

Паводле інфармацыі TUT.BY, у мінулым годзе толькі «Белавія» паміж Расеяй і Беларуссю перавезла 870 тысяч пасажыраў, з іх амаль 500 тысяч – транзітнікі.