Распачатая крымінальная справа ў дачыненні да 16-гадовага ліцэіста
Аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да 16-гадовага ліцэіста, які падазраецца ў пашкоджанні міліцэйскага аўтамабіля, паведаміла прэс-служба МУС.
„Усё здарылася днём 29 лістапада падчас пратэсту ў Менску. Аўтамабіль дэпартамента аховы МУС пад’ехаў да скрыжавання, калі кампанія падлеткаў пераходзіла дарогу па вул. Русіянава. Раптам з боку непаўналетніх пешаходаў у службовы Chevrolet паляцелі камяні, адзін з іх трапіў у заднія дзверы. Кідальнікам аказаўся 16-гадовы жыхар сталіцы, які паспрабаваў уцячы. У выніку яго затрымаў нарад ДАІ”, — гаворыцца ў паведамленні.
У дачыненні да юнака распачатая справа „за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады” (арт. 342 КК — да трох гадоў пазбаўлення волі).
МУС паведамляе, што ліцэіст ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства.
