Пачаты збор грошай на правядзенне Дня Волі ў Менску



Святкаванне адбудзецца 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы, пачатак у 13:00.

Таксама плануецца продаж сувеніраў, прысмакаў, забаўляльная праграма для дзяцей.

Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціняская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

– На жаль, тыя людзі, блогеры, якія больш за два месяцы збіралі грошы на арганізацыю мерапрыемства Свята Дня Волі ў Менску, яны адмовіліся фінансаваць канцэрт. Я нагадаю, што ў Менску дазволены канцэрт і мітынг. У Кіеўскім скверы выступяць вядомыя гурты НРМ, Піт Паўлаў, Разбітае сэрца пацана і іншыя. Мы запрашаем усіх далучацца. Часткова сродкі мы сабралі з нашых актывістаў – чатырох палітычных структураў, якія арганізуюць гэтае мерапрыемства. Але гэтых сродкаў не хапае, таму што гурты сапраўды вельмі годныя, і хацелася б, каб усе яны атрымалі нейкі ганарар.  

Па словах Віталя Рымашэўскага, для збору сродкаў адкрытыя два рахункі – у Беларусі і ў Польшчы. Таксама грошы прымаюцца ў прыватным парадку.

Нагадаем, сабраныя раней сродкі пойдуць на святкаванне 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое адбудзецца ў суботу 23 сакавіка ў Каложскім парку Гародні. Сёлета гарадзенцам трэці раз запар далі дазвол святкаваць гадавіну абвяшчэння БНР.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя