„Расстраляным у Воршы” паабяцалі новую шыльду



У Воршы гарвыканкам паабяцаў сваякам расстраляных, аб’яднаных у ініцыятыву „Расстраляныя ў Воршы”, новую шыльду на месцы масавых расстрэлаў у Кабыляках. 

Кабыляцкая гара ў Воршы, была прызнаная месцам масавых расстрэлаў, на 6 гадоў раней за Курапаты – у 1982 годзе, пра што ёсць адпаведныя дакументы. У 90-ыя гады на Кабыляцкай гары па ініцыятыве грамадскасці і дапамозе гарвыканкаму ўсталяваны памятны знак – вялізны камень з чырвонага дняпроўскага граніту.   

Мемарыяльны камень на Кабыляцкай гары – красавік 2018 года. 

Цяпер на самім валуне няма шыльды, але ёсць шыльда побач, вырабленая актывістамі БНФ.  На шыльде вельмі моцны надпіс.

Пра гісторыю гэтай шыльды распавядае Юры Конышка: „Словы на шыльдзе прапанаваў Міхаіл Сідарэнка, саратнік па партыі, сабралі грошы, адлілі таемна на заводзе Легмаш”.  

Актывісты на Кабыляцкай гары, красавік 2018 года. 

Гісторыю ўсталявання мемарыяльна камня на Кабыляцкай гары распавёў  Юры Копцік, даследчык рэпрэсій з Воршы: „Я прапанаваў узяць вялізны валун, які сам па сабе нагадвае традыцыйны абеліск. Ён стаяў гэты валун каля водасховішча на Крапіўне, як раз каля ставу. Яны з’ездзілі, паглядзеі, ён ім спадабаўся. Там быў галоўны архітэктар гораду, прадстаўнікі гарвыканкаму. Падагналі кран, аўтаплатформу, пагрузілі камень і перавезлі сюды. Вось такі цудоўны помнік, які не патрабуе па сабе больш нічога. Практыка паказала. Яны спачатку хацелі ставіць барэльеф, выраблены з сілуміну ў Барані на заводзе “Красный Октябрь” з радкамі Ахматавай “Хотелось бы всех поименно  назвать, да отняли список и негде узнать». Усё гэта было зроблена, але і году не прайшло, як барэльеф знік. Каштоўны метал – сілумін, але, мачыма не толькі з-за каштоўнага металу яго сарвалі. Пасля быў пастаўлены яшчэ адзін барэльеф з сілуэтамі нібыта ахвяр сталінскага тэрору. Той барэльеф праз год з нечым таксама знік, ён быў выраблены з чугуна, але яго сарвалі і знеслі. Пасля гэтага на камяні засталіся толькі адтуліны, як сляды куль, гэта сляды ад замацаванняў барэльяфаў, якія стаялі тут і былі сарваныя. Пасля гэтага Аршанская Рады БНФ за свае грошы заказала шыльду на заводзе Легмаш. З чугуна адлілі шыльду, якую паставілі ўжо ў другой палове 90-ых гадоў”.

Беларускае Радыё Рацыя

 

[manual_related_posts]