Расстраляныя калоны
1 ліпеня Рух Салідарнасці „Разам” правёў акцыю, прысвечаную ўшанаванню памяці расстраляных калонаў. Гэта вязні турмаў Заходняй Беларусі, якіх НКВД-шнікі ў канцы чэрвеня 1941-га году гналі на Усход.
Дэлегацыя Руха Салідарнасці „Разам” з Менску разам з Вілейскімі краязнаўцамі правяла акцыю ўшанавання памяці ахвяраў НКВД-шнага тэрору ва ўрочышчы Касута. Павал Хаванскі, які вёў акцыю, напачатку запрасіў айца Вікенція з Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы памаліцца за спачын душы беларусаў, якія былі расстраляны тут. Дзяніс Канецкі распавёў пра лёс вязняў Вілейскай турмы, якіх расстралялі ва ўрочышчы Касута і ў іншых месцах. Расстрэлы пачаліся яшчэ ў самой турме ў Вілейцы. Ва ўрочышчы Касута было забіта 600-800 чалавек, але расстрэлы адбываліся і ў іншых мясцінах, частка з якіх вядомая, але там, у адрозненне ад урочышча Касута, не ўсталяваныя крыжы.
Першы старшыня Руха Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык падзякаваў вілейчукоў за арганізацыю традыцыйных акцый ва ўрочышчы Касута і за тое, што гэтыя Вілейскія Курапаты заўжды пад іх аховай і даглядам. Распавёў пра няспраўджаныя планы па мемарыялізацыі мясцінаў расстрэлаў вязняў іншых турмаў, матэрыялы па якіх збіраў светлай памяці Сяргей Ханжанкоў. Бо крыжы, акрамя ўрочышча Касута, ўсталяваны толькі ў горадзе Чэрвень, у вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёну, і пад Пінскам. А ў Беларусі дзясяткі месцаў расстрэлаў вязняў, якіх калонамі гналі на Усход. Па словах Сяргея Ханжанкова, агулам было 12 калонаў. Нелюдзі забівалі людзей, – ва ўрочышчы Касута, у Трасцянцы, у Курапатах. І таму іначай, як здзекам над Беларуссю, немагчыма назваць тое, што сённяшнія ўлады прыбралі крыж, прысвечаны памяці кіраўніка беларускага нацыянальнага супраціву нацыстам айца Вінцэнта Гадлеўскага напярэдадні візіта пяці замежных прэзыдэнцкіх дэлегацыяў у Трасцянец. Гэта такі ж здзек над Беларуссю, як і адкрыццё рэстарацыі ў Курапатах. Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што змагацца з нелюдствам мусяць людзі, і заклікаў бараніць беларускія святыні, бо інакш і сённяшняму пакаленню давядзецца прайсці праз жахі і трагедыі, якія перажыла беларуская нацыя ў ХХ стагоддзі, – імперыялістычныя войны і палітыка генацыду, якую праводзілі нацысцкая Нямеччына і камуністычны Савецкі Саюз.
Пасля заканчэня акцыі ва ўрочышчы Касута дэлегацыя Руха Салідарнасці „Разам” усклала кветкі да помніка гетману Украіны Піліпу Орліку ў вёсцы Касута, да помніка вязням Вілейскай турмы на могілках г. Вілейка, і да крыжа на месцы расстрэлу нацыянальнага героя Беларусі Расціслава Лапіцкага ва ўрочышчы Красны Беражок.
На кожным месцы, дзе пахаваныя ахвяры і героі беларускай нацыі, якія загінулі ад камуністычных рэпрэсій, гучалі гімн „Магутны Божа!” і вокліч „Жыве Беларусь!”
[Not a valid template]
Прэс-група Руха Салідарнасці „Разам”.
