Расце колькасць асобаў, заражаных новым каранавірусам



Расце колькасць асобаў, заражаных новым небяспечным каранавірусам у Кітаі. Паводле афіцыйных звестак, на пятніцу колькасць выпадкаў пнеўманіі, выкліканай каранавірусам, склала 849 чалавек. Пры гэтым 26 чалавек памерлі.

Як адзначае ТАСС, 177 пацыентаў знаходзяцца ў цяжкім стане. Але ёсць і добрыя навіны: 34 чалавекі вылечаныя і ўжо пакінулі медыцынскія ўстановы.

У той жа час стала вядома, што беларускай дзяўчыне, якая вярнулася з Кітая і трапіла ў Менску ў інфекцыйную бальніцу, выстаўлены дыягназ, які на гэты момант ужо пацверджаны лабараторна — грып В, сярэдняй ступені цяжкасці. Праводзіцца лабараторнае даследаванне для выключэння напластавання каранавіруснай інфекцыі.

Зараз Сусветная арганізацыя аховы здароўя абмяркоўвае, ці варта аб’явіць міжнароднае надзвычайнае становішча ў сувязі з новым вірусам у Кітаі. Вірус распаўсюджваецца: яго выявілі ў пацыентаў у ЗША, Тайландзе, Паўднёвай Карэі, В’етнаме і Саудаўскай Аравіі, – піша ВВС. Вядома, што кітайскія ўлады зачынілі на каранцін 11-мільённы горад Ухань, дзе ўпершыню выявілі вірус. Таксама зачынілі сямі-мільённы Хуанган. Абодва мегаполісы знаходзяцца ў правінцыі Хубэй. Зачынены ўсе дарогі, заблакаваны рух любога транспарту, адмененыя цягнікі і самалёты.

Фота AFP

[manual_related_posts]