Ратавальнік: Дарослым трэба зрабіць усё, каб навагодне-калядныя святы не азмрочыць трагедыяй



У беларускіх школьнікаў пачаліся зімовыя вакацыі, якія будуць трываць да 10-га студзеня. Ратавальнікі нагадваюць, што доўгі адпачынак у дзяцей заўжды суправаджаецца з павялічэннем рызыкі няшчасных выпадкаў з падлеткамі. Узімку асаблівая зона небяспекі – вадаёмы, якія ўжо пакрытыя лёдам.

Дарослым трэба зрабіць усё, каб навагодна-калядныя святы не азмрочыць трагедыяй, – гаворыць ратавальнік Аляксей Нагорны:

„Каб на такіх працяглых, зацяжных святах не забываліся нагадваць дзецям пра асноўныя правілы бяспекі. Пра тое, як сябе паводзіць на лёдзе, на горках. Выязджаючы за горад абавязкова памятаць аб пажарнай бяспецы. Нагадваючы дзецям, і выконваючы гэтыя правілы самі, мы не азмрочым нашы святы нейкімі здарэннямі”

Па папярэдніх падліках ратавальнікаў, за бягучы год у выніку пажараў загінула 4 дзяцей, на вадаёмах краіны патанула 42 падлетка, ад траўмаў у выніку дарожна-транспартных здарэнняў памерла 17 дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя