Ратавальніку з Гародні пагражае да 12 гадоў турмы за лайк



Ратавальніку з Гародні 37-гадоваму Аляксандру Курганскаму пагражае да 12 гадоў зняволення за лайк.

У адной з сацсетак ён лайкнуў каментар іншага чалавека пра перастрэлку ў Менску, у якой загінулі праграміст Андрэй Зельцар і афіцэр КДБ.

З 30-га верасня Курганскі за кратамі. Яго затрымлівалі шэсць чалавек у бронекамізэльках і са зброяй. Аўтамат наставілі і на жонку, паведамляе Радыё Свабода.

„Нічога не казалі, не прадстаўляліся, — расказвае сястра затрыманага Надзея. Пазней ў праўладным тэлеграм-канале з’явілася відэа, на якім Аляксандр Курганскі „прызнаваў віну” ў тым, што паставіў лайк пад каментаром.

Аляксандр Курганскі адслужыў ратавальнікам 15 гадоў. Спачатку яго калегі абяцалі дапамогу, а пасля звольнілі задняй датай (верагодна, у міліцыі яму далі падпісаць заяву на звальненне) і абавязалі сплаціць 7 тысяч рублёў „кантрактных”.

Нядаўна Курганскага перавялі ў гарадзенскую турму. Яму выставілі абвінавачванне ў „абразе службовай асобы” і „распальванні варожасці”. Па яго справе прызначана лінгвістычная экспертыза.