Раённае свята “Выпускны баль-2017” – у Глыбокім



Сёлета ў Глыбокім са школай развітаўся 281 выпускнік. Свята пачалося шэсцем выпускнікоў, настаўнікаў і дырэктараў школ і гімназіі. Далейшая ўрачыстасць адбылася на цэнтральнай плошчы горада.

Па словах  выпускнікоў, развітанне са школай – гэта адначасова як радасная, так і сумная падзея, яна выклікае шмат эмоцый.

– Гэта вельмі хвалюючая падзея, я нават не чакала, што так расчулюся, бо вельмі цяжка развітвацца са сваімі настаўнікамі, аднакласнікамі. Настолькі прызвычайваешся за гэты доўгі тэрмін навучання.

– Дзень быў цудоўны. Шмат станоўчых момантаў за ўвесь гэты час.

– Дагэтуль не веру, што закончыла школу. Не думала, што ўсё так хутка адбудзецца. Доўга рыхтаваліся да гэтага дня. І так хутка ўсё праляцела.

– Не скажу, што я да канца адчуваю гэтае развітанне са школай. Не скажу, што мяне агарнулі нейкія эмоцыі. Я хутчэй у нейкай збянтэжанасці. Магчыма, праз пару дзён я ўжо ж буду шкадаваць аб сканчэнні школы і буду сумаваць па сябрах. Хаця да канца лета мы, напэўна, яшчэ можам сустракацца. Але ўсё некалі заканчваецца.

Падчас урачыстасці былі ўзнагароджаныя выпускнікі, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і грамадскай дзейнасці. Былі выказаныя падзякі і іх бацькам. А кіраўнік раёна Алег Морхат пажадаў выпускнікам поспехаў у далейшым жыцці і выказаў надзею, што пасля вучобы шмат хто з іх вернецца на Глыбоччыну працаваць.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі