Разбурэнне „Маскоўскага” – „швах” інвестыцыйнай палітыкі



Праз паўгода пасля разбурэння менскага аўтавакзала “Маскоўскі”, экс-кіраўнік грамадскай ініцыятыўнай групы па яго захаванню Віктар Талмачоў зрабіў заяву пра поўны правал інвестыцыйнай палітыкі дзяржавы ў адносінах да сумеснага далейшага праекта з расейскім “Газпрамам”. Маўляў, дагэтуль на вызваленай пляцоўцы не пачалося абяцанага будаўніцтва 17-павярховага хмарачоса, не рухаецца справа з транспартнай развязкай з вуліцы Філімонава на праспект Незалежнасці. Спадара Талмачова падтрымаў архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за “Маскоўскі”, якую атрымаў з рук Лукашэнкі – Мікалай Навумаў.

IMG_0091

РР: Паводле ўзроўню непадрыхтаванасці ды непралічанасці таго, што можа адбыцца, Вы яшчэ колькі месяцаў сітуацыю з “Маскоўскім” назвалі “швахам” ды “піравымі перамогамі” беларускіх уладаў…

Віктар Талмачоў: Так! Найперш,  непрафесіяналізм кіравання – з боку Менгарвыканкама. Я меў шмат стасункаў там – не сустрэў ніводнага спецыяліста, які б разумеў, прагназаваў наступствы пасля ўкаранення інвестыцыйнай ідэі. Але ж атрыманыя грошы да ладу толькі тады, калі на іх робяцца рэнтабельныя праекты з  прыбыткам вышэйшым, чым адсотак выплаты за іх! Гэта найважнейшы прынцып укладання – акупляльнасць. Інакш, наколькі прыбытак можа кампенсаваць затраты. У нашых чыноўніцкіх структурах пра гэта ніхто не клапоціцца. Звычайна адбываецца так. Пад нейкую праграму ў таго ж прэзідэнта просяць грошы, атрымліваюць – а пасля яны, як скрозь пальцы, разыходзцца. Альбо нерацыянальна, з-за тэхнічнай недасведчанасці, альбо ў выглядзе праславутага “адката”. Увогуле, так краіна парынае ў фінансавую яміну. Тым больш, міністэрства знешнеэканамічнай дзейнасці расфарміравалі, а аддзел МЗС, на які “скінулі” яго функцыі, яўна не спраўляецца з такой нагрузкай. Бо ў стане хіба прасачыць за праводкай грошай, аж экспертную ацэнку іх выкарыстання ён даць не ў стане. Вядомы вайсковы эканаміст Румас не стамляецца заклікаць да прыцягнення інвестыцый у Беларусь. Але замежнікі ўжо дакладна “падсеклі”, што ў нас яны не адпрацоўваюцца. З іншага боку, ужо ўкладзеныя прыводзяць два таго, што ў міжнародных фінансавых інстытутаў ёсць рычаг эканамічнага ды палітычнага (!) кіравання намі – дайце веры, вяртання “зялёных” пачакаем, але зрабіце тое, тое і тое!

РР: Ваш прагноз – Міллер не будзе ўкладаць грошы ў праект пасля “Маскоўскага”? Бо ж сітуацыя ў Газпраме ў сувязі са зніжэннем коштаў на нафту ды заходнія санкцыі зараз калі не патавая, дык няпэўная…

Віктар Талмачоў: Так, рубель канае ў прорву. Будаўніцтва транспартнай развязкі, увогулле, можа быць спынена. Фінансы свяваюць рамансы – Газпрам не пералічыў першы транш у 60 млн даляраў, а патрабуецца ўжо ўдвая больш. Але і гэта далёка не мяжа. Будзе тое самае, што і з аэрапортам “Менск-2”, дзе было да шасці пераацэнак. А зараз нават кітайцы адмаўляюцца браць удзел у яго “мадэрнізацыі”. А тут можам займець на шмат год “сталкерную” зону – калі ўсё пачалося, але так і не завершыцца. Праект і напачатку выглядаў невыгодным – кампансацыю расейцы за разбурэнне абяцалі ў 17 млн даляраў, а зараз працуючы “Маскоўскі” каштаваў бы ўсе 30! Самае ганебнае для ўладных адмыслоўцаў, навучаных “мысліць дзёрзка” – устаноўленыя смешныя паўтара даляра за квадратны метар арэнды. Каму гэта было выгодна – дзяржаве ці пэўным асобам?! Мяркуйце самі. Дарэчы, паводле нашага грамадзянскага кодэкса, нікчэмная здзелка можа быць абскарджаная…

Амаль спартовая роўная пляцоўка на месцы прыгажуна-вакзала, за які архітэктар Мікалай Навумаў атрымаў Дзяржаўную прэмію асабіста з рук Лукашэнкі і 5 міжнародных узнагарод, прытоеная зараз ад старонніх вачэй парканам у два чалавечых роста.

Віктар Талмачоў: Сёння ясна, што разбурэнне “Маскоўскага” сталася маштабнай транспартнай інфраструктурнай катастрофай. Для пасажыраў гэта звязана з дадатковымі эканамічнымі стратамі на перасадках – раз, са стратамі часу, каб зарыентавацца, як і з якіх прыпынкаў дабірацца да месца – два. Выйсце бачым у аднаўленні “Маскоўкага”, заняўшы прершыя тры паверхі газпрамаўскага хмарачоса – калі справа-ткі дойдзе да будаўніцтва. Што да развязкі, нагадаю  красамоўную гісторыю з трэцім аўтамабільным колам вакол Менску. Пуцін тады ўзняў цэны на газ – Лукашэнка загадаў прыпыніць будаўніцтва. Пакуль нас чакае безчасовая “сталкерная” зона на месцы разбурэння “Маскоўскага”. Да таго ж, сітуацыя “цягнічком” пойдзе і будзе выкарыстана апанетнамі у будучай прэзідэнцкай кампаніі. Увогуле, разбуральны тэхналагічны рэжым, на які выйшла сітуацыя з “Маскоўскім”, мусіць стаць  папярэджаннем і па былому аэрапарту “Менск-1”, дзе таксама з-за грашовых інвестыцыйных выгодаў збіраюцца забудаваць гандлёвымі кропкамі былую ўзлётна-пасадкавую паласу – уцепленую, сучасную. І па будучай Астравецкай АЭС, якая будуецца з “ветранага” боку і ў часе эксплуатацыі Менск будзе пад пастаяннай пагрозай радыяцыйнага забруджвання…

Нагадаем, ініцыятыўная група Талмачова сабрала супраць зносу “Маскоўскага” 8 тысяч подпісаў пасажыраў з усіх куткоў Беларусі. Прыстаўку “экс” у адносінах да сябе ён дагэтуль лічыць дачаснай. Грамадскасць і улады чакаюць яшчэ неспадзяванкі і не самыя прыемныя эканамічныя “сюрпрызы” .

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара