Размова пра свабоду з Агнешкай Рамашэўскай-Гузы



У Цэнтры гарадскога жыцця ў рамках ініцыятывы #HrodnaMediaRoom прайшла сустрэча з выбітнай журналісткай, дырэктаркай тэлеканала „Белсат” Агнешкай Рамашэўскай-Гузы. Удзельнікі сустрэчы атрымалі цікавы досвед журналісцкай і менеджарскай працы спадарыні Агнешкі. Сярод сфераў, якімі займаецца госця, – інфармацыйная вайна Расейскай Федэрацыі з яе суседзямі. Гэтаму цудоўна дапамагаюць новыя сацыяльныя сеткі, якія працуюць зусім па іншых правілах, чым традыцыйныя медыя.

– Можна перадаць любую інфармацыю, у тым ліку фальшывую. І можна распаўсюдзіць яе ўсюды. Але выправіць яе, калі вы заўважылі, няма магчымасці. Дастаткова, каб штосьці дзесьці раз пайшло ў сеткі, у той жа facebook ці twitter. І што з таго, што хтосьці адкажа на гэта, скажа, што гэта няпраўда, калі 50 наступных асобаў прымуць гэта без выпраўлення і высвятлення, прыняўшы тое за праўду.

Госця яскрава прывяла прыклады такой кібервайны ў дачыненні да Украіны, у распальванні варажнечы між украінскімі і польскімі грамадзянамі ў тэме ўкраінскай паўстанскай арміі.

Сярод тэмаў, якія закранула госця Гародні, была журналісцкая салідарнасць у Беларусі, на прыкладзе дзеянняў нашага Беларускага Радыя Рацыі ў час няпэўнасці існавання „Белсата” ў пачатку гэтага года.

– Акурат Беларускае Радыё Рацыя і «Белсат» ёсць пазітыўным прыкладам супрацы, хоць Вапа не раз меў да мяне прэтэнзіі, што мы забіраем журналістаў. Але што тут можна зрабіць? Воля вольная. Але гэта перадусім таму, што Яўген Вапа – мой сябар. Разам з гэтым мы ў стане весці супрацу. Незалежныя медыя павінны супрацоўнічаць. Але давайце адкрыта гаворыць, як выглядае сітуацыя, без прыхарошвання.

„Рэчаіснасць такая, што рынак незалежных медыя вельмі вузкі,” – заўважыла Агнешка Рамашэўская-Гузы. На пытанне ўдзельнікаў сустрэчы: «Ці верыць дырэктарка тэлеканала ў перспектыву акрэдытацыі ў Беларусі?» – яна адказала, што верыць.

Якуб Cушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара