Рэдактар сайта „Рэальны Брэст”: Мяне паклалі і білі нагамі
Рэдактара сайта „Рэальны Брэст” Дзяніса Марука збілі ў Ленінскім РАУС Берасця за тое, што на адной з акцый „недармаедаў” ён паказаў сярэдні палец хлопцу з камерай у цывільным. Журналіста запрасілі на размову ў РАУС, дзе пачалі абшукваць, каб забраць рэчы і затрымаць.
У гэты момант ён дастаў з кішэні флэшку з камеры, якая запісвала гук, і засунуў яе сабе ў рот. Што адбывалася далей, распавёў сам пацярпелы:
– Паклалі на падлогу, білі нагамі, рукамі, білі па нырках. У мяне ёсць медыцынскае асведчанне, у якім пазначана, што ў мяне збітае цела, галава, твар. І самае жорсткае: да адмысловых сродкаў мабыць цяжка аднесці сталовую лыжку, мне яе ўстаўлялі ў рот. Пашкодзілі дзёсны, зубы. Устаўлялі лыжку і ламалі зубы. Я прыняў рашэнне, што флэшку праглыну, каб яна нікому не дасталася. Я стаў ёю давіцца. Яны пачалі смяяцца. Закрывалі пры гэтым мне рот, нос, каб я задыхаўся. І тады я ўжо сапраўды стаў яе глытаць.
Пасля таго, як спынілася збіццё, Маруку прынеслі падпісаць пастанову па артыкуле “дробнае хуліганства”. Журналісту выпісалі 2 базавыя велічыні штрафу і адпусцілі. Як і Някляеў, Марук збіраецца абскарджваць дзеянні міліцыянтаў, будзе пісаць скаргу ў пракуратуру.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
