Рэдакцыя Hrodna.life працягвае працу



Рэдакцыя лакальнага сайту Hrodna.life цяпер працуе з розных кропак Еўропы.

Пра гэта ў нашым эфіры распавёў галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота:

– Рэдакцыя зараз раз’ехалася.Ёсць людзі ў Польшчы, у Літве. Ёсць такія, што лётаюць зараз, то Літва, то Латвія, то ў Грузіі наогул. Вялікая частка застаецца ў Беларусі, людзі не хочуць нікуды з’язджаць, яны гатовы тут да апошняга працаваць. Мы не можам працаваць за мяжой цалкам, мы не можам страціць гэтую сувязь з Гародняй. Лакальнае выданне нават за 70 кіламетраў, у такім Беластоку, усё ж такі нерэальна рабіць. 

З рэдакцыяй Hrodna.life па-ранейшаму працягваюць супрацу мясцовыя маладыя аўтары, як след, на ананімнай аснове, а таксама рэкламадаўцы. Аднак галоўны рэдактар выдання канстатуе, што гарызонт планавання цяпер звузіўся да тыдня, і шкадуе, што давялося, згарнуць афлайнавыя праекты спачатку з-за ковіду, а потым з-за пераследу:

– Тое, што мы рабілі, тое што нас вылучала на фоне іншых гарадзенскіх рэдакцый, нашы экскурсіі, кнігі, нейкія афлайнавыя ток-шоў, прэзентацыі, кінапрагляды. Усё мы рабілі для аўдыторыі, для стварэння такога кам’юніці, супольнасці. Прыйшлося закрываць таму, што цяпер гэта небяспечна і для нас і для іх. Могуць у чым заўгодна абвінаваціць у нясплаце падаткаў ці нелегальным сходзе і ўсіх пасадзіць.

Як паведамлялася, сайт Hrodna.life улады маюць намер заблакаваць, арганізацыю „Гродналайфмэдыя” ліквідуюць, тэлеграм-канал выдання прызнаны экстрэмісцкім. Супрацоўнікі рэдакцыі прайшлі праз арышты й ператрусы, агульная сума прасуджаных ім штрафаў перавысіла 10 тысяч даляраў. Рэактар Аляксей Шота прызнае, што гэта моцны ўдар, але не настолькі, каб цалкам спыніць існаванне.

Беларускае Радыё Рацыя