Рэдакцыя салігорскай газеты „Лидер-Пресс” абвясціла пра спыненне выхаду выдання



„Дарагія чытачы „Лидер-Пресс”! На жаль, з 1 кастрычніка 2021 года мы вымушаныя канчаткова сысці з медыйнай прасторы, — гаворыцца ў звароце, апублікаваным на старонках выдання ў сацсетках. — Рэдакцыя на працягу 28 гадоў працы даражыла даверам аўдыторыі і вяла з усімі сумленны дыялог аб падзеях і людзях Салігорска”.

„Так складваецца, што любы матэрыял, які праўдзіва асвятляе падзеі ў рэгіёне ці краіне, можа быць абвешчаны экстрэмісцкім з усімі наступствамі, што вынікаюць. У такой сітуацыі мы не можам рызыкаваць нашымі супрацоўнікамі і вымушаныя спыніць дзейнасць рэдакцыі, — адзначаецца ў звароце. — У наш дзень нараджэння мы не кажам вам „Бывайце”, мы кажам вам „Да пабачэння!” у надзеі на вяртанне ў будучыні!”

Пры гэтым адно з найбуйнейшых недзяржаўных рэгіянальных выданняў заявіла, што гарантуе рэкламадаўцам „выкананне абавязацельстваў у поўным аб’ёме”.

Першы нумар штотыднёвіка „Лидер-Пресс”, заснавальнікам якога з’яўляецца ТАА „Энергія”, пабачыў свет у верасні 1993 года. Наклад газеты складаў ад 13 тысяч да 15 тысяч асобнікаў. Распаўсюджвалася па падпісцы і ў розніцу. З красавіка 2010 года газета выходзіла на 32 палосах фармату А3. Прыкладна 40% плошчы штотыднёвіка займала рэклама і аб’явы ад юрыдычных і фізічных асоб

Місія выдання, як сфармулявала яе рэдакцыя, — даваць „на рынак Салігорска і Салігорскага раёна аператыўную і дакладную інфармацыю пра падзеі, а таксама пра тавары і паслугі, прапанаваныя на рынку Салігорскага раёна”, а таксама „садзейнічаць абуджэнню ў чытачоў грамадскай самасвядомасці і фармаванню ў іх пазітыўнага светаадчування”.

БелаПАН