Рэгіянальныя недзяржаўныя журналісты працуюць у складаных умовах



Улада і мас-медыя. Па-ранейшаму ў складаных умовах даводзіцца працаваць незалежным беларускім журналістам, асабліва фрылансерам. Іх статус беларуская ўлада не хоча прызнаваць. З гэтае прычыны ім часцей за ўсіх адмаўляюць у інфармацыі. Тым не менш, рэгіянальныя журналісты лічаць за гонар супрацоўніцтва з незалежнымі выданнямі, бо ім не трэба ў сваіх матэрыялах падманваць народ.

Зміцер Лупач, журналіст, Глыбокае: Вельмі цяжка па каментар звярнуцца. Асабліва калі з відэа, то гэта наогул нерэальна. Тады я званю проста па тэлефоне, каб нешта было можна запісаць. І з людзьмі цяжкавата гаварыць, таму што я звычайна апытанкі раблю з відэакамерай, і калі паўтары-дзве гадзіны пахадзіць па вуліцы, то можна нешта і зрабіць.

Кастусь Шыталь, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў: Людзі рэальна баяцца помсты з боку ўладаў. То бок, калі яны нешта раскажуць для газеты, то іх выкліча там начальнік на працы, або выклічуць у райвыканкам, і там будуць чымсьці пагражаць, а то і рэальна адпомсцяць.

 Уладзімір Скрабатун, журналіст, выдавец газеты “Вольнае Глыбокае”: Цяперашняя эканамічная сітуацыя, калі людзям затрымліваюць заробкі, альбо яны атрымліваюць мізерныя заробкі, то чалавек, калі хоча выпісаць нашыя газеты, мусіць эканоміць. Сапраўды ёсць зашоранасць, людзі не бачаць ніякай перспектывы, асабліва моладзь. Людзі ўжо стаміліся жыць у гэтай краіне.

Па словах журналістаў, найбольшыя складанасці ўзнікаюць пры апытанках і напісанні матэрыялаў на палітычную ці сацыяльна-эканамічную тэматыку.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя