Рэканструкцыя бою Першай сусветнай пад Паставамі



Ваенна-гістарычная рэканструкцыя бою Першай сусветнай вайны прайшла пад Паставамі. Прымеркаваная яна была да 100-годдзя заканчэння вайны і 102-годдзю “Нарачанскай наступальнай аперацыі”. Аднаўлялася гістарычная падзея ля вёскі Дукі паблізу возера Задзеўскае, дзе ў той час праходзіла лінія фронту. Там і да гэтай пары захаваліся фартыфікацыйныя збудаванні. Паназіраць за рэканструкцыяй сабралася некалькі тысяч пастаўчан і гасцей горада. Паўдзельнічаць у рэканструкцыі прыехалі сябры гістарычных клубаў і аматары ваенных рэканструкцый з Беларусі, Расеі ды Кітаю.

Па словах мясцовага краязнаўцы Міхася Гіля, рэканструкцыя бою была, сапраўды, набліжаная да рэальных падзеяў тых часоў.

Усё больш-менш рэальна. Шмат ахвяр бессэнсоўных было, безумоўна. Найбольш – з расейскай арміі, бо яны загадзя былі не ў выгодных пазіцыях і бралі вышыню праз калючы дрот. Але ж гэта цікава для людзей. Усё-такі відовішча. 100 гадоў вайне. Хоць зараз пачалі ўспамінаць.

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя праходзіла ў Паставах упершыню, але ўлады і жыхары горада спадзяюцца, што падзея стане традыцыйнай.

У гэты дзень можна было наведаць і выставу “Рэха Вялікай вайны” калекцыянераў Мамошкіна, Варанца і Антановіча. А таксама музейную экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі