Рэха Чарнобылю
На Берасцейшчыне ў Пінскім, Столінскім і Лунінецкім раёнах у адпаведнасці з апошнімі даследаваннямі 34% грыбоў не адпавядаюць санітарным нормам, між іншым у 13% пробаў вялікае ўтрыманне цэзію -137.
Па словах лекара Таццяны Кім, грыбы вельмі добра ўбіраюць у сябе шкодныя рэчывы, таму іх варта гатаваць за некалькі разоў:
– Грыбы назапашваюць таксічныя элементы, у прыватнасці, соль цяжкіх металаў. Сырыя грыбы ў хаце не могуць знаходзіцца больш за суткі. Пажадана пры гэтым захоўваць іх у салёнай вадзе, перад гэтым іх трэба старанна вымыць ад бруду. Пажадана іх гатаваць (варыць) па 50 мінут, пры гэтым кожны раз зліваючы ваду і добра прамываючы іх.
Па інфармацыі Берасцейскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у кожным раёне вобласці ёсць лабараторыі, якія бясплатна праводзяць аналіз “дароў лесу”. І гэтую працэдуру варта прайсці адразу пасля вяртання з лесу.
Беларускае Радыё Рацыя