Рэжым пераследуе патрыётаў за ўсталяванне крыжа ў Курапатах



18 студзеня ў Менскі раённы выканаўчы камітэт былі выкліканы на пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ, і Валеры Буйвал, сакратар Управы Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ. На іх былі складзены пратаколы ў тым, што яны “парушылі парадак і ўмовы выканання працаў на гісторыка-культурнай каштоўнасці” ў Курапатах. А менавіта ў тым, што яны ўсталявалі на магілах пакутнікаў крыж у памяць расстраляных у Курапатах літоўцаў і тым самым “нанеслі шкоду культурнай каштоўнасці”.

27 снежня 2018 г. група беларускіх патрыётаў, сярод іх Юры Беленькі, усталявалі ў Курапатах драўляны крыж на месцы даўняга крыжа памяці літоўскіх ахвяраў, які спарахнеў. Папярэдне патрыёты звязаліся з грамадзянамі Літвы, якія выканалі ў традыцыйным стылі літоўскага народнага мастацтва драўляны дубовы крыж і прымацавалі да яго шыльдачку з эпітафіяй “Памяці забітых літоўцаў. 1937-1941” на беларускай і літоўскай мовах. Устаноўка новага крыжа на месцы былога крыжа з’явілася актам ушанавання памяці пакутнікаў літоўскага народа, які разам з беларусамі пацярпеў ад генацыду падчас расейскай акупацыі. Падчас устаноўкі крыжа каля гэтага месца знаходзіліся два работнікі “лясгасу”, яны не выказвалі ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў устаноўкі крыжа і не задавалі ніякіх пытанняў. У той самы час па цэнтральнай Крыжовай алеі Курапатаў праходзіў Валеры Буйвал, які на працягу 30 гадоў апякуецца курапацкімі магіламі і крыжамі. Ён не прымаў удзел ва ўстаноўцы новага крыжа. Аднак, на аснове фальшывых сведчанняў работнікаў “лясгасу” яго таксама прыцягваюць да адказнасці ва ўдзеле ва ўстаноўцы крыжа. Пасля завяршэння ўстаноўкі крыжа патрыёты пакінулі тэрыторыю Курапатаў. Ужо праз дзве гадзіны ім паведамілі, што крыж у памяць літоўскіх ахвяраў знік. Удалося высветліць, што гэты крыж быў выдалены з зямлі і вывезены работнікамі “лясгасу”. Зараз ён знаходзіцца на часовых захаванні на адміністрацыйнай тэрыторыі “лясгасу”.

28 снежня 2018 г. грамадскі дырэктар Грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі сустрэўся з работнікамі “лясгасу”, якія выдалілі і вывезлі крыж, і запатрабаваў, каб яны вярнулі крыж на месца. Яны адмовіліся гэта зрабіць. І звярнуліся ў міліцыю па факце “нанясення шкоды культурнай каштоўнасці”. Міліцыя перадала гэтую справу ў Менскі раённы выканаўчы камітэт. Пасля сённяшняга, 18 студзеня, пасяджання прызначана наступнае пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі для правядзення адміністрацыйнага працэсу.

Такім чынам, у наяўнасці акт сённяшняга дзяржаўнага вандалізму на тэрыторыі пахаванняў ахвяраў дзяржаўнага тэрору і генацыду 1930-40-х гадоў. Абсурдныя і фальшывыя абвінавачванні высунуты супраць людзей, якія на працягу 30 гадоў стваралі Народны мемарыял у Курапатах, ахоўвалі і баранілі яго ад спробаў знішчыць крыжы і магілы народных пакутнікаў. Акт дзяржаўнага вандалізма быў здзейснены прадстаўнікамі ўлады на магілах пакутнікаў і знайшоў свой працяг у незаконных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі і Менскага раённага выканаўчага камітэту.

Патрыёты будуць звяртацца ў пракуратуру з мэтай абскаржвання незаконных дзеянняў прадстаўнікоў уладаў, а таксама да міжнароднай грамадскасці з заклікам асудзіць вандальскія дзеянні ўладаў на магілах пакутнікаў і незаконныя рэпрэсіі супраць патрыётаў, якія ўшаноўваюць памяць ахвяраў у Курапатах.

[Not a valid template]

Інфармацыйная камісія Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ

18 студзеня 2019 г.

Фатаграфіі: Устаноўка крыжа памяці літоўскіх ахвяр, шыльдачка, крыж.