“Рэжым” перастаў існаваць



У Паставах спыніла сваю працу прыватная трэнажорная зала “Рэжым”, якая адпрацавала 6 год. Віцебскія і пастаўскія чыноўнікі расправіліся такім чынам з яе ўладальнікам Віталём Пахомчыкам. Цяпер ён стаў невыгодны ўладам, бо падтрымаў пратэстоўцаў і не пагадзіўся з тым, што ўчынялі сілавікі па камандзе ўладаў і пад уздзеяннем прапаганды. А раней пастаўскія чыноўнікі, БРСМ ды іншыя праўладныя структуры ўхвалялі дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка на карысць горада і людзей.

Як кажа Віталь Пахомчык, чыноўнікі самі падалі ў суд на спыненне дзейнасці трэнажорнай залы з-за дробных парушэнняў, якія выявілі віцебскія правяраючыя. Пакуль прадпрымальнік у чаканні папераў з суда, але яму ўжо  патэлефанавалі з Віцебскага эканамічнага суда і сказалі тэрмінова закрыць залу.

Кажа прадпрымальнік Віталь Пахомчык:

–  24 чысла рашэнне Віцебскага эканамічнага суда аб закрыцці залы, дакладней аб спыненні дзейнасці да ліквідацыі непаладак. У пастанове напісана – неадкладна прыпыніць. Але каб усё гэта ліквідаваць, патрэбна вельмі вялікая сума грошай. І ў мяне няма гарантыі таго, што пасля ліквідацыі вось гэтага не спатрэбіцца ліквідаваць штосьці іншае.

 Тут усё мне зразумела, іншага б нікога не прымусілі закрывацца для ліквідацыі непаладак.

Паводле Віталя Пахомчыка, цяпер лёс яго паставіў перад няпростым выбарам: што рабіць далей? Кардынальна мяняць жыццё – гэта складана, але, як кажа прадпрымальнік, ён цвёрда ўпэўнены, што пакуль бізнесам у Беларусі ён не будзе займацца.

Цалкам стужку слухайце ў далучаным файле:

Ранейшае інтэрв’ю, якое даваў Віталь Пахомчык нашаму радыё:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя