Родным загінулага інспектара ДАІ адмовілі ў эксгумацыі



Уладзіміру Патаповічу, бацьку супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча, цела якога было знойдзена 16 траўня, адмоўлена ў эксгумацыі. Акрамя таго, сваякам Яўгена Патаповіча адмоўлена ў хадайніцтве аб прызнанні іх пацярпелымі па справе. 

Уладзімір Патаповіч накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з просьбай умяшацца ў справу. 

Як паведаміў БелаПАН Уладзімір Патаповіч, спачатку ў эксгумацыі цела сына адмовілі з-за таго, што не скончаная судмедэкспертыза. 26 чэрвеня следчы паведаміў яму, што „асноўная версія смерці застаецца ранейшай — раненне ў галаву”, і „ў эксгумацыі няма патрэбы”.

„Я так зразумеў, яны як вылучылі асноўную версію — суіцыд, так яна і застаецца канчатковай, але мы на развітанні бачылі яшчэ глыбокі парэз на сынавым падбароддзі. А ў экспертызе толькі адно кулявое раненне ў галаву фігуруе”, — сказаў Патаповіч.

Ад удзелу ў працэдуры апазнання цела сына ў моргу бацькі Патаповіча адмовіліся. Следчыя пераканалі іх, што гэтага рабіць не варта з „этычных меркаванняў, каб не палохаць пашкоджаннямі на целе”. Цяпер Уладзімір Патаповіч называе тое сваё рашэнне памылкай.

Ён таксама паведаміў, што ў крымінальнай справе яны разам з былой жонкай значацца як сведкі. У задавальненні хадайніцтва аб змене статусу на пацярпелых ім адмовілі, бо асноўная версія смерці — суіцыд. „Значыць, я не маю ніякіх правоў умешвацца ў справу”, — падкрэсліў Патаповіч.

Бацька па-ранейшаму не верыць у самагубства сына і настойвае на тым, што яго забілі, але пакуль ён не гатовы звязваць Яўгенаву смерць з прафесійнай дзейнасцю.

Цела Яўгена Патаповіча было знойдзенае за два кіламетры ад Магілёва ў лесапаласе 16 мая. На ім не было нагавіц, рукі былі ў наручніках, побач ляжаў пісталет. Пасля ўрачыстага пахавання, арганізаванага МУС 18 мая, асноўнай версіяй смерці сталі лічыць самагубства.

Яўгену было 22 гады. У 2018 годзе ён скончыў Магілёўскі інстытут МУС, пасля чаго праходзіў службу у батальёне ДПС ДАІ МУС Магілёўскага аблвыканкама. Пахавалі лейтэнанта на могілках вёскі Вішоў Бялыніцкага раёна.