Рух па мосце цераз Прыпяць адкрыюць да 7 лістапада



Рух па мосце цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне адкрыюць да 7 лістапада. Аб гэтым паведаміў 23 кастрычніка міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.

Рух па гэтым мосце быў закрыты на год у снежні 2017 года. Паводле слоў Анатоля Сівака, задача па яго ўводзе ў эксплуатацыю будзе выканана ў тэрмін. „Прыпяцкі мост практычна завершаны. Да 7 лістапада ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Дакладней, нават будзе адкрыты рух па гэтым мосце”, – сказаў міністр. Пры гэтым застанецца нязначная частка работ па другім пускавым комплексе, якія будуць звязаны з дэмантажом асобных участкаў дарог да часовай пераправы. Гэтыя работы запланаваны на снежань.

Таксама фактычна завершаны работы па мосце цераз Сож (траса М8 граніца Расеі – Віцебск – Гомель – граніца Украіны).

Анатоль Сівак адзначыў, што стан маставых збудаванняў сёння з’яўляецца адным з прыярытэтных пытанняў для Мінтранса. Ён нагадаў, што ў цэлым у Беларусі стаіць задача па рэканструкцыі 32 мастоў.

belta.by