Рух „Разам” заклікае да салідарнасці са Святаславам Барановічам



Рух салідарнасці „Разам” заклікае беларускую і міжнародную грамадскасць далучыцца да кампаніі салідарнасці з удзельнікам санкцыянаванай акцыі 15 сакавіка 2017 года ў Менску Святаславам Барановічам.

У сваім звароце рух выказвае абурэнне прысудам, паводле якога Барановіч, які адбіваў анархістаў ад супрацоўнікаў міліцыі пасля „Маршу недармаедаў” у Менску, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Маладога чалавека абвінавацілі ў нанясенні удараў супрацоўніку міліцыі. Рашэнне прыняў 12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Менска.

Бойка здарылася ў тралейбусе № 37 на прыпынку „Плошча Бангалор” пасля акцыі, санкцыянаванай сталічнымі ўладамі. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі маладых людзей, якія селі ў тралейбус пасля маршу, у іх ліку былі анархісты. Некалькі чалавек, у тым ліку Барановіч, спрабавалі дапамагчы анархістам адбіцца ад сілавікоў. Барановіча затрымалі праз паўгода і змясцілі ў СІЗА № 1 Менска. Там з 2 кастрычніка мінулага года ён знаходзіўся да суда.

„Гэтая ізаляцыя практычна пазбавіла яго юрыдычнай дапамогі праваабаронцаў, — гаворыцца ў заяве руху „Разам”. — Таму на працэсе паводзіны адваката нават не нагадвалі дзеянні абаронцы”.

У звароце адзначаецца, што ізаляцыя „давяла Святаслава да самаагавору, ад чаго ён адмовіўся ў сваім апошнім слове”.

„Разам” лічыць судовы працэс над Барановічам цалкам сфабрыкаваным, а яго самога — палітвязнем.

„Гэты ганебны прысуд сведчыць пра тое, што ніякай лібералізацыі ў нашай краіне няма. Пакуль Святаслаў знаходзіцца ў няволі, усе ўнутраныя і знешнія дагаворы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі з’яўляюцца цалкам амаральнымі. З гэтага моманту патрабаванне вызваліць беларускага патрыёта з турмы павінна стаць галоўнай умовай усіх магчымых камунікацый з гэтай уладай”, — падкрэсліваецца ў заяве.

belapan.by