Працяг адзначэння 155-й гадавіны Вызвольнага паўстання



Дэлегацыя Руху Салідарнасці “Разам” наведала мемарыял у в. Гянетыняй (Панявежыскі раён, Літва), каб ушанаваць памяць паўстанцаў, якія 21 красавіка 1863 г. перамаглі расейскія войскі ў бітве пад гэтай вёскай.

21 красавіка дэлегацыя Руху Салідарнасці “Разам” на чале з сустаршынёй Аленай Талстой наведала мемарыял, прысвечаны пераможнай бітве паўстанцаў пад кіраўніцтвам  Зыгмунта Серакоўскага супраць рэгулярных расійскіх войскаў каля в. Гянетыняй у Панявежыскім раёне Літоўскай Рэспублікі.

У гэты дзень 155 гадоў таму, аб’яднанае злучэнне паўстанцаў з атрадаў ваеннага начальніка Ковенскай губерніі Зыгмунта Серакоўскага, нацыянальнага героя Літвы ксяндза Антанаса Мацкявічуса і ўраджэнца Лідскага павета Баляслава Калышкі нанесла першую вялікую паразу расейскім войскам на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. У выніку добра спланаванай дзейсным на той час капітанам Генеральнага штабу расейскай арміі З. Серакоўскім аперацыі расейскі аддзел маёра Каўра, які складаўся з некалькіх ротаў пехоты і двух швадронаў уланаў і казакаў, быў цалкам разбіты. Акупанты згубілі больш за 40 чалавек загінулымі, 60 чалавек – параненымі, а таксама ўвесь абоз з правіянтам і зброяй. Страты паўстанцаў склалі 2 забітых і 4 параненых.

Роўна пра 155 гадоў пасля гэтай падзеі, у сваім выступе ля памятнага камяня, прысвечанага гэтай пераможнай бітве, гісторык, міжнародны каардынатар Руху Салідарнасці “Разам”, сябра Сойму Партыі БНФ Ігар Лялькоў зазначыў, што гераічны чын нашых продкаў, якія былі гатовыя ахвяраваць і дабрабытам, і ўласным жыццём дзеля вызвалення сваіх народаў ад чужынскай улады, стаў тым падмуркам, без якога, верагодна, не было б сённяшніх незалежных Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. І сёння мы мусім быць вартымі памяці герояў паўстання – і ў мужнасці, і ў самаахвяраванні, і ў мудрасці аб’яднання намаганняў, каб разам супрацьстаяць навале з Усходу дзеля захавання сваёй незалежнасці.

Ігар Лялькоў спыніўся на біяграфіях галоўных герояў бітвы пад Гянетыняем, узгадаўшы іх гераічны і трагічны лёс. Ураджэнец украінскай Валыні Зыгмунт Серакоўскі вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, узначальваў там падпольны Саюз літоўскай моладзі, быў арыштаваны і высланы шарагоўцам расейскага войска ў Арэнбург, даслужыўся там да прапаршчыка, атрымаў дазвол вярнуцца ў Санкт-Пецярбург, дзе скончыў Акадэмію Генеральнага штабу і служыў у тым штабе ў чыне капітана, сябраваў з Тарасам Шаўчэнкам, Джузэпе Гарыбальдзі ды Аляксандрам Герцэнам, узнагароджаны некалькімі ардэнамі Расейскай імперыі, з пачаткам паўстання вярнуўся на радзіму, каб правесці пераможную бітву пад Гянетыняем, у далейшых баях быў паранены і зняволены, павешаны 27 чэрвеня 1863 г. у Вільні, нягледзячы на пратэсты міжнароднай супольнасці, у свае 37 гадоў. Баляслаў Калышка не дажыў і да 26 гадоў – ураджэнец Лідчыны, студэнт Маскоўскага ўніверсітэта, эмігрант (пасля ўдзелу ў сутычках студэнтаў з паліцыяй у Маскве), з пачаткам паўстання вярнуўся з Італіі на Радзіму, паранены і зняволены разам з Серакоўскім, павешаны ў Вільні 9 чэрвеня 1863 г. Антанас Мацкявічус, ураджэнец Шаўляйскага павету ў Літве, скончыўшы Кіеўскі ўніверсітэт, вырашыў, што больш карысці свайму народу прынясе як духоўны пастыр, стаў ксяндзом, у 1863 г. са сваіх прыхаджанаў (у большасці – простых літоўскіх сялянаў) стварыў першы паўстанцкі атрад у Жамойціі, менавіта яго сяляне-касінеры 21 красавіка 1863 г. адбілі 6 штыкавых атак расейцаў і забяспечылі перамогу пад Гянетыняем, даўжэй за ўсіх працягваў узброеную барацьбу з акупантамі на тэрыторыі былога ВКЛ, з лістапада 1863 г. – ваенны начальнік Ковенскай губерніі, схоплены расейцамі толькі 17 снежня, павешаны ў Коўні 28 снежня 1863 г., пражыўшы 35 гадоў.

Наступным выступіў лідар Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. Ён падкрэсліў, што важнасць гістарычнай памяці пра Паўстанне 1863-64 г.г. для нас, беларусаў, палягае ў тым, што менавіта сярод яго ўдзельнікаў выспела тая нацыянальная ідэя, якая праз некалькі дзясяткаў гадоў прывядзе да рэалізацыі канцэпцыі дзяржаўнасці ды незалежнасці Беларусі. Менавіта падчас гэтага Паўстання Кастусь Каліноўскі пачаў выданне першай беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда”, менавіта падчас Паўстання канчаткова склаўся светапогляд “бацькі беларускай нацыі” Францішка Багушэвіча, менавіта памяць пра Паўстанне жывіла думкі сыноў паўстанца, стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Івана ды Антона Луцкевічаў. Агульны гераічны чын сыноў беларускага, літоўскага, польскага, украінскага народаў 155 гадоў таму непасрэдна паспрыяў таму, што зараз кожны з народаў Міжмор’я мае сваю незалежную дзяржаву. У тым ліку і беларусы. Але ў сённяшніх умовах, ва ўмовах спробы нашага тагачаснага і сённяшняга агульнага ворага ізноў паставіць нашую незалежнасць пад пытанне, нам, як ніколі, патрэбная салідарнасць. Як нашыя продкі 155 гадоў таму, мы зараз мусім аб’ядноўваць свае сілы супраць расейскага імперыялізму. І нашая агульная гістарычная памяць, у тым ліку і памяць пра Вызвольнае паўстанне 1863-64 г.г., ёсць тым падмуркам, на якім мусіць будавацца нашая супраца сёння. Менавіта таму Рух Салідарнасці “Разам” і сёння, і на працягу ўсяго гэтага году будзе праводзіць акцыі па ўшанаванню 155-годдзя падзеяў Паўстання і ў Беларусі, і ў Літве. І мы запрашаем усе неабыякавыя арганізацыі ды грамадзян краінаў Міжмор’я далучацца да нашых акцыяў!

Удзельнікі мерапрыемства хвілінай маўчання ўшанавалі памяць паўстанцаў, загінулых пад Гянетыняем, а потым падчас сяброўскай бяседы адзначылі 155-годдзе пераможнай бітвы.

Распачалося ж адзначэнне 155-й гадавіны паўстання 1 лютага 2018 года, – у дзень пачатку паўстання і напярэдадні 180-годдзя кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, –  акцыяй Руха Салідарнасці “Разам” на Віленскіх Лукішках.

Наступныя запланаваныя акцыі Руху Салідарнасці “Разам” з нагоды 155-годдзя Паўстання:

6.05.2018: 155 гадоў з дня ўзяцця паўстанцамі г. Горкі (магіла паўстанца Войтэха Дамарацкага, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, г. Горкі, Беларусь).

9.05.2018: 155 гадоў Біржайскай бітвы (Музэй Біржайскага краю, г. Біржай, Літва).

28.05.2018: 155 гадоў з дня гібелі паўстанцкага начальніка Вілейскага павету Вінцэнта Козел-Паклеўскага (магілы паўстанцаў з ягонага атраду ў в. Уладыкі, Вілейскі раён, і ў в. Княгінін, Мядзельскі раён; радавая капліца-усыпальня Козел-Паклеўскіх у в. Вялікая Сэрвач, Вілейскі раён, Беларусь).

3.06.2018: 155 гадоў Бітвы пад Мілавідамі (мемарыял бітвы каля в. Мілавіды, Баранавіцкі раён, Беларусь).

27.06.2018: 155 гадоў з дня казьні кіраўніка паўстання ў Літве Зыгмунта Серакоўскага (Лукішская плошча, гара Гедыміна, г. Вільня, Літва).

Ліпень 2018: Памяці паўстанцкага начальніка Лідскага павету Людвіка Нарбута (мемарыял паўстанцам паміж в.в. Малое Ольжава і Мохавічы, Лідскі раён; памятная пліта Л. Нарбуту, магіла А. Фалькоўскага, памятная дошка расстраляным у 1863 г. ксяндзам Лідчыны, г. Ліда, Беларусь).

23.08.2018: 125 гадоў са дня смерці Міхала Эльвіра Андрыёлі (помнік паўстанцам у г. Эйшышкіс, Літва).

16.12.2018: 155 гадоў з дня казні паўстанцкага начальніка Ковенскага ваяводзтва Антанас Мацкявічус (музэй Паўстаньня ў в. Пабержы, Кедайняйскі раён, Літва).

Прэс-група Руха Салідарнасці “Разам”

23.04.18 г.

г. Менск.