Рух Салідарнасці “Разам” ушанаваў памяць ахвяраў нацызму



22 сакавіка 1943 была знішчана вёска Хатынь. Штогод дэлегацыя Руха Салідарнасці “Разам” наведвае мемарыял, каб ушанаваць памяць бязвінна загінулых ахвяраў ІІ сусветнай вайны.

Лунаў наш сцяг. Пад пільным наглядам міліцыянтаў памаліліся, усклалі кветкі, запалілі знічкі. Намеснік старшыні Анатоль Кудласевіч прачытаў свой верш „Воўчая помста”.

Па традыцыі наведалі і крыж, які ўсталяваны ў 2007 годзе Рухам Салідарнасці “Разам” на месцы вёскі Вялікая Губа. Малітва, знічкі, кветкі, сцяг, гімн “Магутны Божа” – гэта было нашае прынашэнне забытым ахвярам.

Трагічны лёс гэтай вескі, цалкам знішчанай падчас ІІ сусветнай вайны супольнымі высілкамі нямецкіх акупантаў і савецкіх партызанаў, сімвалічны для Беларусі. Вёсачка Губа не ўзгадваецца ў пераліку спаленых вёсак у мемарыяле “Хатынь”.

Няма аніякага помніка і забітым жыхарам вёскі Казыры, – 26 сялянам-лесарубам, якіх растралялі перад тым, як спаліць Хатынь.

І гэта таксама трагедыя сённяшніх дзен, – тое, што памяць пра такія вёскі, пра бязвінна загінулых ахвяраў бясследна знікае…

Рух Салідарнасці „Разам” чарговы раз будзе звяртацца да ўладаў з патрабаваннем усталявання помніка на месцы растрэла жыхароў в.Казыры.

На сённяшнюю дату, 22 сакавіка, прыходзіцца яшчэ адна нацыянальная трагедыя. У гэты дзень у 1864 годзе царскімі акупантамі быў павешаны нацыянальны герой, кіраўнік паўстання Кастусь Каліноўскі. Ушанаваць нацыянальнага героя Беларусі разам з дэлегацыяй Руха прыйшлі і сябры аргкамітэту святкавання 100-годдзя БНР Мікола Купава і Генадзь Тумаш. Да мемарыяльнай дошкі Кастуся Каліноўскага ў Менску былі пакладзены кветкі, запалена знічка памяці.

Усе сённяшнія акцыі Руха Салідарнасці “Разам” праходзілі ў суправаджэнні міліцыянтаў і фільмаваліся. Вячаслаў Сіўчык, ініцыятар як штогадовага ўшанавання бязвінных ахвяраў, так і усталявання крыжа на месцы трагедыі, не змог узяць удзел у акцыі праз небяспеку незаконнага арышту.