Рух «За Свабоду» абвясціў збор подпісаў за захаванне гімназій



Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў аб адмене экзаменаў у V класе на паступленне ў гімназіі з 2018 года і адмене гімназічных адукацыйных праграм для навучэнцаў 5–9 класаў.

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, пратэстуем супраць ініцыятывы міністра адукацыі Ігара Карпенкі ліквідаваць магчымасць адукацыі на гімназічным узроўні для навучэнцаў V–IX класаў», – сказана ў электроннай петыцыі Руху «За Свабоду», каментуе яго старшыня Юры Губарэвіч:

— Як вядома новы міністр адукацыі мае паходжанне ад камуністычнай партыі Беларусі. Пэўна, на сваёй пасадзе ён хоча рэалізоўваць тыя прынцыпы, якія панавалі ў Савецкім Саюзе: усеагульнай ураўнілаўкі. У дадзенай сітуацыі гэта не спрацуе, бо так ці інакш будзе падзел дзяцей на тых, хто паходзіць з заможных сем’яў і на ўсіх астатніх. Бацькі, якія могуць плаціць за дадатковыя курсы, за рэпетытараў, дадуць лепшыя магчымасці для сваіх дзяцей, а тыя, хто не мае такіх сродкаў, будуць вымушаныя задаволіцца сярэднім узроўнем.

«Рэалізацыя ініцыятывы Ігара Карпенкі вядзе да зніжэння агульнага ўзроўню школьнай адукацыі, паколькі будзе адсутнічаць магчымасць выбару установы адукацыі для дзяцей з рознымі здольнасцямі, навучэнцы V–IX класаў не будуць мець магчымасці паглыбляцца ў прадметы, да якіх маюць асаблівыя схільнасці. Агулам ліквідацыя гімназій для пачатковай і базавай адукацыі вядзе да таго, што навучэнцы не будуць мець магчымасці раскрыць свой патэнцыял і надалей будуць неканкурэнтаздольнымі у сучасным грамадстве ведаў», — чытаем у петыцыі за захаванне гімназій на сайце change.org

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя