Рух „За свабоду” падтрымаў асуджанага Вітольда Ашурка



Рух „За свабоду” падтрымаў асуджанага да турэмнага зняволення Вітольда Ашурка з Бярозаўкі. Паплечнікі актывіста запісалі адмысловы відэазварот з патрабаваннем вызваліць актывіста. 

Кажа старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

– Вітольд Ашурак – абласны каардынатар Руху  “За свабоду” на Гарадзеншчыне. Чалавек неабыякавы да жыцця людзей як у сваім горадзе, так і ў Беларусі. Менавіта таму ўлады затрымалі яго, кінулі за краты і зараз асудзілі на пяць гадоў. Гэта беспадстаўныя  абвінавачванні, якія не маюць ніякіх доказаў, і таму судовы працэс быў закрыты. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Вітольда Ашурка і таксама ўсіх тых грамадзян Беларусі, якія зараз знаходзяцца за кратамі.

У сваю чаргу актывістка Руху Вікторыя Таболіч адзначыла незаконнасць прысуду і запатрабавала неадкладна выпусціць актывіста на волю:

– Я ведаю Вітольда Ашурка шмат гадоў. Гэта вельмі годны сын Беларушчыны, які змагаўся ў сваім родным краі, у роднай Бярозаўцы за вашу і нашу свабоду. Я патрабую неадкладнага вызвалення Вітольда Ашурка.

Гарадзенскага абласнога каардынатара Руху „За Свабоду” Вітольда Ашурка з Бярозаўкі прысудзілі да аднаго з самых вялікіх тэрмінаў «за пратэсты» 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць 1000 рублёў маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту. Суд вырашыў, што Ашурак арганізоўваў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама чыніў гвалт над міліцыянтам.

 Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя