Рух «За Свабоду» запусціў збор сродкаў на правядзенне прэміі імя Васіля Быкава



Рух «За Свабоду» запусціў збор сродкаў на правядзенне прэміі імя Васіля Быкава. Усе сабраныя талакой грошы пойдуць на арганізацыю цырымоніі ўручэння прэміі (у тым ліку на выраб статуэткі для лаўрэата), а таксама арэнду аўтобуса для ўдзельнікаў цырымоніі з Менска. Расказаў у нашым эфіры старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч:

Гэта, на наша меркаванне, дазволіць прыцягнуць увагу да большай колькасці людзей. Шмат хто, бывае, гаворыць пасля правядзення чарговай прэміі, што хацеў бы прыняць удзел, трапіць на мерапрыемства, але не меў такой інфармацыі, і не меў такой магчымасці. Зараз мы плануем арганізаваць збор сродкаў, якія пойдуць у тым ліку і на транспарт. Тыя, хто ахвяруе поўную суму, будуць мець гарантаванае месца, каб даехаць і прыняць удзел ва ўручэнні прэміі. Даехаць у вёску Бычкі. Гэта Ушацкі раён у Віцебскай вобласці.

Збор сродкаў для правядзення цырымоніі ўручэння прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» стартаваў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху «За Свабоду» ў 2008 годзе — ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе ў грамадскай і творчай дзейнасці на карысць Беларусі і Свабоды.

Беларускае Радыё Рацыя