Руская праваслаўная царква прыпыніла ўдзел у католіка-праваслаўнай камісіі



Руская праваслаўная царква (РПЦ) прыпыніла ўдзел у змяшанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Рымска-каталіцкім касцёлам і праваслаўнымі цэрквамі, паведамляе беларуская служба афіцыйнага партала навін Ватыкана.

Беларускі экзархат з’яўляецца часткай РПЦ, таму на яго распаўсюджваюцца ўсе рашэнні Маскоўскага патрыярхату.

Як паведамляецца, 19 кастрычніка папа Рымскі Францыск прыняў у ватыканскім Апостальскім палацы старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна.

Праваслаўны іерарх праінфармаваў кіраўніка Святога прастола, што РПЦ прыпыніла ўдзел у католіка-праваслаўнай камісіі з-за рознагалоссяў Маскоўскага і Канстанцінопальскага патрыярхатаў па пытанні аўтакефаліі ва Украіне. У той жа час мітрапаліт Іларыён запэўніў папу Францыска, што двухбаковыя адносіны паміж Рымска-каталіцкім касцёлам і РПЦ будуць развівацца і далей.

Міжнародная католіка-праваслаўная камісія была створаная ў 1979 годзе як дыялогавая пляцоўка паміж Святым прастолам і 14 памеснымі праваслаўнымі цэрквамі для абмеркавання пытанняў суіснавання цэркваў у сучасным свеце.

Як паведамлялася раней, Святы сінод РПЦ на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Мінску прыняў рашэнне цалкам разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Прычынай таму сталі дзеянні Канстанцінопаля, скіраваныя на даванне аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне, якую РПЦ лічыць сваёй кананічнай тэрыторыяй.

У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне. Яго падтрымалі некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, але не падтрымала афіцыйная УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

22 красавіка Святы сінод Канстанцінопальскага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду. 7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух іерархаў экзархамі ва Украіне.

У адказ на гэта Святы сінод РПЦ абвінаваціў патрыярха Варфаламея ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы і прыняў рашэнне прыпыніць кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам.

11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату адмяніў дзеянне ўказа 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату, а таксама зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат „за раскол”. Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху давання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.  БелаПАН