Руслан Гусейнаў: Зменіцца ўлада – мы будзем вяртацца дадому



Беларускія ўцекачы знаходзяць у Польшчы дапамогу і працу. Людзі адчуваюць вялікі стрэс, пакідаючы Радзіму і свой дом, але ім дапамагаюць беларусы, якія пакінулі Радзіму раней, – кажа грамадскі актывіст з Пінска Руслан Гусейнаў.

Руслан Гусейнаў: Я пакінуў Беларусь у канцы снежня. Выехаў я на тэрыторыю Украіны, мяне падтрымаў Дом правоў чалавека ў Чарнігаве, дзе я быў больш 2 месяцаў, пакуль рабілася польская гуманітарная віза. Я набыў білет і паехаў у Польшчу, дзе на мяжы я паведаміў памежнікам, што не маю памяшкання для праходжання карантыну. Памежнікі прадставілі такое памяшканне – мяне вывезлі ў бліжэйшы горад, дзе я адбыў 10 сутак на карантыне. Усяго было ў дастатку і прадуктаў, і чыстай бялізны, і інтэрнэт. Потым я выехаў у Варшаву, дзе праз два тыдні я ўладкаваўся на працу на будоўлі. 

Рацыя: Вы прымаеце ўдзел у грамадскім жыцці беларускай дыяспары ў Варшаве?

Руслан Гусейнаў: Мы пастаянна сустракаемся ў нядзелю а 14-й на Палацы культуры і наўкі і праводзім акцыі і перфомансы ў падтрымку палітзняволеных. 

Рацыя: Ці збіраецеся дадому?

Руслан Гусейнаў: Я думаю пра гэта кожны дзень і чакаю з нецярпеннем. Таму што я знаходжуся ў чужой краіне, тут свае парадкі і г. д. Але у мяне ёсць свой дом, свая сям’я, свая Радзіма, дзе нарадзіўся і вырас. А тут мы ўсе чужыя. Зменіцца ўлада і я, і хто такога ж меркавання, мы усе будзем вяртацца дадому. 

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Паводле Гусейнава, ён таксама актыўна ўдзельнічае ў жыцці новай маладой беларускай дыяспары, удзельнічае ў акцыях і плануе вярнуцца ў родную краіну без Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя